У Беларусі ствараецца спецназ па адлову нядбайных бацькоў
- 21.11.2008, 8:37
Так па загадзе Аляксандра Лукашэнкі міліцыя прымушае нядобрасумленных бацькоў плаціць дзяржаве за выхаванне сваіх дзяцей. І гэтае толькі пачатак.
Нагадаем, што беларускі кіраўнік на днях заявіў, што дзяржава абавязаная любымі сродкамі прымусіць «лайдакоў» працаваць. І аб парушэнні правоў чалавека тут нават гаворкі няма.
«Няўжо гэта людзі, якія кінулі сваіх дзяцей, - цытуе Лукашэнку газета «Советская Белоруссия». – Для тых, хто не хоча працаваць добра, створым адмысловыя працоўныя лагеры. Будуць там гэтыя нягоднікі прымусова «ўкалываць» з раніцы да ночы, па дзве-тры змены ў суткі».
Словы Лукашэнкі падштурхнулі міліцыю да яшчэ больш рашучай працы з «лайдакамі».
Напрыклад, кіраўніцтва ўпреўлення ўнутраных спраў Віцебска паведаміла «Еўрарадыё» аб намеры арганізаваць спецназ па барацьбе з нядобрасумленнымі бацькамі.
«Паводле УУС аблвыканкама, у Віцебску ствараецца спецпадраздзяленне па назіранні за нядбайнымі бацькамі, - паведамляе карэспандэнт Ядвіга Сташэўская. - Будзе створаная адмысловая гарачая лінія: на яе будуць тэлефанаваць кіраўнікі прадпрыемстваў, дзе «лайдакі» прагульваюць працу. Група хуткага рэагавання будзе тут жа выязджаць за такім «лайдаком».
Не менш упартая барацьба ідзе ў іншых галінах. Напрыклад, па Баранавічах курсіруюць адмысловыя аўтобусы, «легкавушкі» і мікрааўтобусы, якія збіраюць прагульшчыкаў-п'яніц. Бо проста ўзяць і звольніць «лайдака» з працы кіраўнік прадпрыемства не можа – атрымае штраф.
«У шэсць раніцы мы выязджаем па месцы жыхарства нядбайных бацькоў. Тых, якія перасталі з'яўляцца на працу, - распавядае аб спецыфіцы сваёй працы старэйшы інспектар прафілактыкі Баранавіцкага ГАУС Дзмітрый Казачэнка. - Высвятляем прычыну, чаму не выйшаў на працу. Бо магчыма, гэта быў бальнічны. Калі чалавек знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення – дастаўляем у наркалогію ў прымусовым парадку. Калі пасля пастаноўкі на ўлік такі чалавек тройчы трапіўся, дастаўляем чалавека ў медустанову для праходжання медагляду і заводзім крымінальную справу».
Шматлікія «лайдакі» не перавыхоўваюцца нават такімі метадамі. У ЖРЭА Баранавічаў размеркавалі траіх бацькоў-п'яніц. І толькі адна жанчына працуе нармальна.
«Адзін ужо сеў у турму, другога таксама збіраемся прыцягваць да крымінальнай адказнасці. Пяць дзён на месяц папрацуе і знікае, - наракае ў інтэрв'ю «Еўрарадыё» начальнік аддзела кадраў ЖРЭА Таццяна Чаркасава. - Яе ловяць, прывозяць зноў. Папрацуе некалькі дзён – і ізноў знікае. Толькі да адной жанчыны няма пытанняў, яна ходзіць на працу без прагулаў, прыбірае пад'езды. У нас чалавек зарабляе мінімум 400 тысяч. Праўда, значная частка грошай ідзе на аплату дзяржаве ўтрымання іх дзяцей».
«Нядбайных бацькоў у Баранавічах сёння 159, - прыводзіць афіцыйныя лічбы інспектар Дзмітрый Казачэнка. - Тых, якія сістэматычна дапушчаюць прагулы, – 39. Для кагосьці досыць метаду пераканання. Для кагосьці – метаду прымусу. А тыя, што выхаванню не паддаюцца, трапляюць у калоніі. Летась мелі месца 17 фактаў крымінальных спраў. У гэтым – 35. Але шматлікія з іх яшчэ на стадыі праверкі».
Дадзеныя па краіне трохі іншыя. Па неафіцыйнай інфармацыі, працу сістэматычна прагульваюць каля 40% нядбайных бацькоў. Паглядзім, ці прымусяць новыя дзяржаўныя метады працаваць гора-бацькоў.