BE RU EN

У Менскай калоніі забіты зняволены, які захапіў закладніцу

  • 21.11.2008, 2:15

У выпраўленчай калоніі № 1 Менска ўвечары 20 лістапада быў забіты зняволены, які захапіў у закладніцы медсястру і запатрабаваў верталёт і буйную суму грошай.

Дзяржаўнае тэлебачанне сцвярджае, што злачынец парэзаў нажом рукі закладніцы, паводзіў сябе неадэкватна. Афіцэр аховы прапанаваў сябе ў якасці закладніка. Зняволены пагадзіўся. Ён нанёс ахоўніку раненні ў вобласць шыі.

Было прынятае рашэнне аб правядзенні аперацыі па ліквідацыі злачынца. Закладнікам аказаная дапамога, паведаміла са спасылкай на Першы канал агенцтва БелаПАН.

Пракуратура Фрунзенскага раёна Менска пачала праверку ў сувязі з захопам закладнікаў у выпраўленчай калоніі N1 у Менску і ліквідацыяй асуджанага, які гэта здзейсніў, паведаміў агенцтву "Інтэрфакс" пракурор раёна Анатоль Свірыдовіч.

"Пракуратура пачала праверку па дадзеным факце. Крымінальная справа яшчэ не ўзбуджаная. Інцыдэнт адбыўся ўчора ўвечары. Мы разбіраемся", сказаў А.Свірыдовіч.

У сваю чаргу ў Акадэміі МУС паведамілі, што афіцэр, які прапанаваў сябе замест медсястры, з'яўляецца іх выпускніком. "Ён некалькі гадоў таму скончыў крымінальна-выканаўчы факультэт", паведамілі суразмоўцы агенцтва.

Як паведамілі агенцтву ў праваахоўных органах, зняволены жыхар Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Ён быў арыштаваны па падазрэнні ў здзяйсненні забойства кіроўцы аўтамабіля, якое адбылося некалькі месяцаў таму. Па словах суразмоўцаў агенцтва, раней ён быў судзімы 4 разы. "Падчас аперацыі па ліквідацыі зняволенага, які захапіў закладнікаў, акрамя супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, кіраўніцтва выпраўленчай установы, прысутнічалі пракурорскія працаўнікі, псіхолагі", распавялі суразмоўцы агенцтва.

Ва ўнутраных войсках МУС Беларусі агенцтву паведамілі, што "як толькі стала вядома аб захопе закладнікаў, адразу быў здзейснены пераход на ўзмоцненую ахову выпраўленчай установы". "Першым аб інцыдэнце ў ВК-1 паведаміў супрацоўнік унутраных войскаў, які нёс дзяжурства ў калоніі", паведамілі суразмоўцы агенцтва.

Аперацыя доўжылася каля гадзіны, яе праводзілі байцы спецпадпаздзялення па барацьбе тэрарызмам "Алмаз" МУС Беларусі, паведамілі ва ўнутраных войсках.

Апошнія навіны