BE RU EN

Беларусі не вернуць прэферэнцыі Еўразвяза

  • 21.11.2008, 11:33

Адміністрацыйная Рада Міжнароднай арганізацыі працы зацвердзіла Даклад Камітэта па свабодзе аб'яднанняў, адзначыўшы, што сітуацыя ў Беларусі далёкая ад поўнага захавання прынцыпу свабоды аб'яднанняў.

У сувязі з гэтым Камітэт у чарговы раз заклікае ўрад Беларусі працягнуць супрацоўніцтва з Міжнародным Бюро працы, а таксама сацыяльны дыялог з усімі партнёрамі, у тым ліку з прафсаюзамі, што не ўваходзяць ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), паведамляе сайт www.praca-by.info.

Камітэт настойліва рэкамендуе ўраду выканаць усе рэкамендацыі Камісіі па расследаванні і гарантаваць, што любыя змены ў заканадаўстве будуць накіраваныя на дасягненне гэтай мэты. Камітэт вызначыў дванаццаць рэкамендацый беларускаму ўраду, накіраваных на ўстраненне новых парушэнняў правоў прафсаюзаў.

З адзнакі МАП сітуацыі з правамі прафсаюзаў у Беларусі вынікае, што наша краіна не зможа вярнуцца ў Генеральную сістэму прэферэнцый Еўразвяза.

«Адміністрацыйная Рада МАП заслухала даклад беларускага ўрада, які прадставіў міністр працы РБ. У якасці аргументаў на сваю карысць міністр агучыў факт вяртання ільготнага каэфіцыента на арэнду памяшканняў для незалежных прафсаюзаў. Але на самой справе гэта адбылося літаральна за некалькі дзён да паседжання Адміністрацыйнай Рады МАП. За мінулы перыяд, з чэрвеньскай канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы, сітуацыя са становішчам незалежных прафсаюзаў у Беларусі не палепшылася. Аб вяртанні Беларусі прэферэнцый Еўразвяза можна будзе казаць толькі тады, калі ўлады выканаюць усе рэкамендацыі МАП. Рашэнне прымае Еўразвяз, але яны будуць кіравацца меркаваннем гэтай міжнароднай арганізацыі», -- пракаментаваў сітуацыю прэс-цэнтру Хартыі’97 старшыня Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Рэкамендацыі Камітэта па свабодзе аб'яднання МАП

(неафіцыйны пераклад)

1.Камітэт рэкамендуе Ўраду прадаставіць інфармацыю ў адносінах прадпрынятых крокаў, накіраваных на забеспячэнне неадкладнай рэгістрацыі першасных прафсаюзных арганізацый, якія сталі прадметам скаргі, а таксама аб мерах, накіраваных на тое, каб працаўнікі тых прадпрыемстваў, дзе былі знішчаныя першасныя прафсаюзныя арганізацыі, былі неадкладна і незалежным чынам праінфармаваныя аб іх праве ствараць і ўступаць у прафсаюзы па іх уласным выбары без усялякага ўмяшання, а таксама аб тым, што ізноў створаныя арганізацыі будуць неадкладна зарэгістраваныя.

2.Камітэт рэкамендуе Ўраду прыняць неабходныя меры для таго, каб рэгіструючыя органы без прамаруджання перагледзелі выпадкі адмовы ў рэгістрацыі арганізацый Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ), уключаючы іх першасныя арганізацыі на прадпрыемствах, у Магілёве і Баранавічах, а таксама арганізацый Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) – Магілёўскай гарадской арганізацыі, працаўнікоў прадпрыемстваў «Аўтапарк № 1» і «Энтал» у Гомелі, першаснай прафсаюзнай арганізацыі ў Смалявічах і гарадской прафсаюзнай арганізацыі ў Рэчыцы. Камітэт просіць Урад прадаставіць інфармацыю аб прынятым рашэнні па пытанні рэгістрацыі арганізацыі «Разам».

3.Камітэт спадзяецца, што Закон «Аб прафсаюзах» будзе цалкам адпавядаць палажэнням Канвенцый МАП № 87 і № 98. Паколькі праца над праектам новага прафсаюзнага заканадаўства не завершаная, і ў святле таго, што патрабаванне юрыдычнага адрасу, замацаванае ў Дэкрэце № 2, па-ранейшым служыць перашкодай для рэгістрацыі прафсаюзаў, Камітэт у чарговы раз просіць Урад прыняць неабходныя меры і неадкладна змяніць Дэкрэт.

4.Камітэт просіць Урад забяспечыць правядзенне органам, які карыстаецца даверам усіх зацікаўленых бакоў, незалежнага расследавання ўсіх новых заяў аб фактах умяшання і ціску. Калі будзе выяўлена, што супраць прафсаюзных актывістаў былі прынятыя меры, парушаючыя іх права, або якія перашкаджаюць іх законнай прафсаюзнай дзейнасці, Камітэт спадзяецца, што пацярпелым ад антыпрафсаюзных дзеянняў будзе цалкам пакрытая шкода, а кампетэнтныя органы атрымаюць адпаведныя інструкцыі, каб пазбегнуць паўтору падобных дзеянняў.

5.Камітэт працягвае настойваць на больш рашучых кроках Урада, накіраваных на тое, каб, з аднаго боку, кіраўнікі прадпрыемстваў аператыўна і сістэматычна атрымлівалі інструкцыі аб недапушчальнасці ўмяшання ва ўнутраныя справы прафсаюзаў, па-другое, Генеральны пракурор, Міністр юстыцыі і суддзі былі праінструктаваныя аб тым, што скаргі на ўмяшанне і антыпрафсаюзную дыскрымінацыю павінныя быць дбайна расследаваныя. Камітэт таксама просіць Урад забяспечыць правядзенне незалежнага расследавання ўсіх заяў аб умяшанні ва ўнутраныя справы і антыпрафсаюзнай дыскрымінацыі на прадпрыемствах «Палімір», «Гродна Азот», «Фрэбор», «Беларусьнафта-Асобіна», Аўтапарк №1» і Магілёўскі «ЗІВ», а таксама ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным універсітэце.

6.Камітэт настойліва рэкамендуе Ўраду неадкладна высвятліць сітуацыю, у якой знаходзяцца працаўнікі, пацярпелыя з прычыны супрацоўніцтва з Камісіяй па расследаванні МАП, у тым ліку пэўна ў адносінах спадароў Гайчанкі, Духоменкі, Абухова, Шайтора і Шчэрбы. Камітэт таксама просіць Урад высвятліць, ці змог спадар Стукаў аднавіць правы і ільготы, набытыя ім за час працы.

7.Камітэт просіць Урад паказаць, якія меры былі прынятыя для выканання рэкамендацый, дадзеных Адмысловым дакладчыкам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у адносінах незалежнасці суддзяў і адвакатаў.

8.Камітэт у чарговы раз рэкамендуе Ўраду занесці змены ў Дэкрэт № 24 з мэтай забеспячэння таго, каб арганізацыі працаўнікоў і працадаўцаў маглі свабодна, без папярэдняга дазволу, атрымліваць дапамогу, якая можа быць прадстаўленая міжнароднымі арганізацыямі для эфектыўнай арганізацыі дзейнасці, у тым ліку страйкаў.

9.Камітэт просіць Урад правесці незалежнае расследаванне выпадкаў адмовы ў правядзенні пікетаў і збораў і звярнуць увагу кампетэнтных органаў на тое, што працаўнікі маюць права на мірную дэманстрацыю з мэтай абароны сваіх прафесійных інтэрасаў.

10.Камітэт у чарговы раз рэкамендуе Ўраду прыняць неабходныя меры і неадкладна занесці змены ў Закон «Аб масавых мерапрыемствах», каб прывесці яго ў адпаведнасць з правам арганізацый працаўнікоў і працадаўцаў арганізоўваць сваю дзейнасць.

11.Камітэт просіць Урад падаць дэталёвую інфармацыю аб прадпрынятых кроках па выкананні вышэйпаказаных рэкамендацый.

12.Камітэт заклікае Ўрад працягнуць супрацоўніцтва з Міжнародным Бюро працы, а таксама сацыяльны дыялог з усімі партнёрамі, уключаючы прафсаюзы, не ўваходзячыя ў ФПБ, выканаць усе рэкамендацыі Камісіі па расследаванні і гарантаваць, што ўсе змены ў заканадаўстве будуць накіраваныя на дасягненне гэтай мэты.

Апошнія навіны