BE RU EN

Беларусы супраць настойкі пад назвай «Бульбаш»

  • 21.11.2008, 16:29

Жыхар Віцебску Сяргей Каваленка патрабуе, каб вытворцаў настойкі «Бульбашъ» прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за абразу годнасьці беларускай нацыі.

Віцебскі супольнік КХП БНФ спадар Каваленка лічыць, што «бульбаш» — гэта зьневажальная для беларуса мянушка. Таму ён зьвярнуўся ў пракуратуру Першамайскага раёну Віцебску, каб вытворцу вядомага брэнду — менскі «Завод вінаградных вінаў «Дыяніс» — прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці, перадае «Радыё Свабода».

«На мой погляд, слова «бульбаш» падрывае павагу да беларусаў, выклікае непрыняцьце беларускай культуры, нацыянальнага ладу жыцьця беларусаў, гаворыць аб непаўнавартаснасьці, абмежаванасьці беларусаў. Да таго ж слова «бульбаш» не зьяўляецца літаратурным і здаўна лічыцца зьневажальнай мянушкай беларуса», - гаворыцца, у прыватнасьці, у ягонай заяве на імя пракурора.

Паводле спадара Каваленкі, наўрад ці можна чакаць, каб ва Ўкраіне пачалі выпускаць нейкі напой пад назвай «Хахол», або ў Расеі — пад назвай «Маскаль».

На ягоную думку, завод «Дыяніс» мусіць адмовіцца ад выкарыстаньня назвы «Бульбашъ». З гэтай прапановай ён зьвярнуўся да адміністрацыі прадпрыемства і днямі атрымаў адказ.

«Пра наданьне слову «Бульбашъ» таго сэнсу, які вы прапагандуеце, нам нічога не вядома. Наданьне вамі гэтаму слову адмоўнай нацыянальнай афарбоўкі скіраванае на распальваньне варожасьці, прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці, таму хацелі б вас засьцерагчы ад такога памылковага і небясьпечнага шляху», - гаворыцца ў расейскамоўным лісьце за подпісам дырэктара прадпрыемства М. Лявончыка.

Свой зварот у пракуратуру Сяргей Каваленка тлумачыць тым, што паразуменьня з адміністрацыяй заводу «Дыяніс» не атрымалася. Сваё меркаваньне, што выкарыстоўваць назву «Бульбашъ» недапушчальна, ён зьбіраецца адстойваць далей.

Апошнія навіны