BE RU EN

Камітэт па правах чалавека ААН разгледзіць скаргу беларускага праваабаронцы

  • 24.11.2008, 13:24

У Камітэце па правох чалавека ААН у Жэневе прынята рашэньне аб рэгістрацыі паведамленьня па фактах дыскрымінацыі праваабаронцы і прадстаўніка Беларускага Хельсінскага камітэта ў Віцебскім рэгіёне Паўла Левінава.

У паведамленьні праваабаронца распавёў пра парушэньне Рэспублікай Беларусь артыкула 7, пункта 3 артыкула 9, пункта 1 артыкула 10, пунктаў 1 і 2, падпункта «b» пункта 3 артыкула 14, пунктаў 1 і 2 артыкула 19 і артыкула 26 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правох, паведамляе прававаабарончы цэнтар «Вясна».

У паведамленьні прыведзеныя факты дыскрымінацыі праваабаронцы за перакананьні, абмежаваньні ягонага права на атрыманьне юрыдычнага прадстаўніцтва, парушэньні ягонага права на прэзумпцыю невінаватасці, аб ягоным незаконным і адвольным арышце, аб нялюдскім абыходжаньні з ім, аб парушэньні права прытрымлівацца сваіх меркаваньняў і права на вольнае выказваньне свайго меркаваньня, а таксама аб парушэньні права на справядлівы судовы разгляд.

Нагадаем, Павел Левінаў быў затрыманым супрацоўнікамі міліцыі напярэдадні галасаваньня на мясцовых «выбарах» 2007 года за расклейку на дошках аб'яваў у пад'ездаў дамоў плакатаў «STOP! Нама выбараў без выбару!», утрымліваўся ў ізалятары часовага затрыманьня да суда, якім быў падвергнуты адміністрацыйнаму спагнаньню нібыта за дробнае хуліганства - нецэнзурную лаянку.

Апошнія навіны