Вацлаў Гавал: «Адна з галоўных небяспекаў для Захаду зыходзіць ад палітыкі папушчальніцтва і саступак»
- 24.11.2008, 15:40
Былы прэзідэнт Чэхіі заклікае Еўропу быць пільнай і не даваць дыктатарам сябе запалохваць.
Расея імкнецца ўцягнуць навакольныя краіны ў зону свайго ўплыву і ажыццяўляе "акупацыю, якая можа мець розныя формы: ваенную, як мінулым летам ў Грузіі, але таксама эканамічную і палітычную", заявіў палітык у інтэрв'ю італьянскай газеце "Corriere della Sera".
У гэтых умовах адна з галоўных небяспекаў для Захаду зыходзіць ад палітыкі папушчальніцтва і саступак, што ў сапраўднасці з'яўляецца толькі няздольнасцю выкрываць і спыняць зло, зазначыў Гавал.
Варта "быць пільнымі і не даваць сябе запалохваць", прыводзіць словы экс-прэзідэнта газета.
Пры гэтым краіны Усходняй Еўропы могуць унесці "станоўчы ўнёсак" у адносіны Еўрапейскага саюза з Расеяй, лічыць Гавал. "Былы камуністычны блок мае перад Захадам вялікі абавязак, які ён можа сплаціць прыўнясеннем у Еўрасаюз свайго досведу раўнавагаў і стратэгіяў, назапашанага ў цені расейскага гіганта", – зазначае ён.
У гады свайго прэзідэнцтва Вацлаў Гавал актыўна выступаў за пашырэнне НАТА на ўсход. Не адмаўляецца ён ад сваіх пазіцыяў і зараз:
"Я за ўступленне ў НАТА Украіны, Грузіі і нават Беларусі, калі яна вызваліцца ад рэжыму Лукашэнкі". "Альянс – гэта структура, якая ўжо склалася, з моцнымі каштоўнасцямі і выразнымі геаграфічнымі межамі, і прыём новых чальцоў павінен адпавядаць яго ўнутранай логіцы і жаданню саюзнікаў", - дадае Гавал.