BE RU EN

У Менску арыштоўвалі ўдзельнікаў акцыі «МТС па-беларуску»

  • 24.11.2008, 18:04

У Менску каля офіса аператара мабільнай сувязі МТС на праспекце Незалежнасці прайшла акцыя з заклікам перавесці абслугоўванне абанентаў на беларускую мову.

У акцыі «МТС па-беларуску» прынялі ўдзел актывісты арганізацыі «Моладзь БНФ» і «Малады Фронт». Як распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з арганізатараў пікету Франак Вячорка, моладзевыя актывісты ўсталявалі насупраць офіса МТС стэнд кампаніі «МТС па-беларуску», раздавалі сцяжкі і збіралі подпісы ў мінакоў з заклікам да МТС перавесці галасавы сэрвіс і пакет дакументаў абанентаў кампаніі на беларускую мову. Планавалася таксама перадаць у офіс МТС адпаведны зварот вядомых людзей Беларусі.

Аднак на месца акцыі прыбылі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі шасцёрых з 20 удзельнікаў акцыі. Затрыманыя былі, у тым ліку, сам Франак Вячорка, адзін з лідэраў «Маладога Фронту» Іван Шыла і іншыя.

У аддзяленні міліцыі Першамайскага раёна апазіцыянераў пратрымалі больш за гадзіну і, перапісаўшы іх пашпартныя дадзеныя, вызвалілі.

«Здаецца, што менская міліцыя працуе ўжо «на аўтапілоце». І у гэты раз спрацавала перастрахоўка саміх міліцыянтаў. Але я думаю, што пасля гэтага кампанія МТС павінная звярнуць увагу на беларусізацыю сваіх паслуг», -- сказаў прэс-цэнтру Хартыі’97 Франак Вячорка пасля вызвалення.

Апошнія навіны