BE RU EN

Пераднавагодні «падарунак» бізнэсу ад Нацбанка

  • 25.11.2008, 12:04

З-за апошніх дзеянняў беларускага Нацбанка бізнэсу прыйдзецца сутыкнуцца з чарговымі бюракратычнымі перашкодамі.

Урад і Нацбанк Беларусі патлумачылі стратэгію атрымання імпарцёрамі краіны хадайніцтва Саўміна і адпаведнага дазволу НБ на набыццё валюты на ўнутраным рынку пад авансавыя плацяжы па знешнегандлёвых кантрактах, паведамляе АФН.

Як вынікае з ліста ад 24 лістапада за подпісам віцэ-прэм'ера А.Кабякова і намесніка старшыні НБ П.Калаўра Саўмін будзе выдаваць хадайніцтвы на падставе прапановаў дзяржорганаў (міністэрстваў і ведамстваў) і дзяржарганізацыяў, падпарадкаваных ураду, за подпісам віцэ-прэм'ера, які курыруе адпаведную галіну.

Апошнія будуць фармаваць свае прапановы толькі пасля стараннага вывучэння патрэбы падпарадкаваных імпарцёраў у перадаплаце па імпарце пры ўмове магчымасці выканання знешнегандлёвых дамоваў без правядзення авансавых плацяжоў.

Пры гэтым дзяржорганы могуць уносіць прапановы аб выдачы дазволаў на правядзенне авансавых плацяжоў не толькі прадпрыемствам, але і ў дачыненні да асобных групаў тавараў, якія неабходныя для забеспячэння бесперабойнай працы галіны і пастаўка якіх носіць спецыфічны характар і ажыццяўляецца толькі на ўмовах правядзення авансавых плацяжоў.

Паводле ліста Саўмін пры разглядзе прапановаў, якія паступілі, можа хадайнічаць аб даванні асобным імпарцёрам дазволу на правядзенне авансавых плацяжоў на сталай аснове.

Звароты прадпрыемстваў-імпарцёраў, неабцяжараных ведамаснай падпарадкаванасцю, будуць разглядаць аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам, якія маюць права хадайнічаць перад Нацбанкам у абыход ўраду на выдачу дазволу таму ці іншаму суб'екту гаспадарання.

«Дазвол на правядзенне авансавых плацяжоў выдаецца Нацыянальным банкам па ўсіх знешнегандлёвых аперацыях у сукупнасці, прадугледжаных пэўнай знешнегандлёвай дамовай», - удакладняецца ў лісце.

У дакуменце таксама адзначаецца, што «папярэдняя аплата камандзіровачных выдаткаў ажыццяўляецца без давання хадайніцтваў і атрымання дазволу Нацыянальнага банка на правядзенне адпаведных плацяжоў».

Між тым, у дакуменце ні слова не сказана аб тактыцы – які парадак звароту прадпрыемстваў – імпарцёраў у дзяржорганы, аблвыканкамы і Менгорвыканкамы, якія стаяць над імі, якія чыноўнікі (пасады, упраўленні) з'яўляюцца адказнымі за разгляд гэтых зваротаў, якія крытэры задавальнення гэтых зваротаў і вычарпальны пералік падставаў для адмовы, і самае галоўнае – які максімальны тэрмін разгляду звароту.

Варта адзначыць, што пастанова Нацбанка №165, якая забараняе авансавыя плацяжы па знешнегандлёвых кантрактах, уступіла ў дзеянне 16 лістапада. Згаданы ліст, які тлумачыць стратэгію з'явіўся на свет толькі 24 лістапада. Колькі запатрабуецца часу дзяржорганам для распрацоўкі тактычных працэдураў– форма заяўкі, пералік дакументаў, якія трэба прыкласці, адказныя выканаўцы і г.д., сёння наўрадці змогуць адказаць нават А.Лукашэнка і С.Сідорскі.

Але стратэгі - на тое яны стратэгі, каб не пакутаваць на галаўны боль адносна пытання нейкіх тактычных працэдураў, якія будуць распрацоўвацца ў працэсе шляхам практычных эксперыментаў над добраахвотнікамі. Бізнэсу прыйдзецца ілбом прабіваць чарговыя бюракратычныя перашкоды, а чыноўнікі ўжо ў які раз патрэніруюцца ў адміністрацыйным майстэрстве на прадпрыемствах, як на котках…

Якія перадумовы падобная працэдура стварае для чарговага росквіту карупцыі, і казаць няма сэнсу – чыноўнікі ў самых салодкіх марах не маглі ўявіць сабе такога пераднавагодняга падарунку з боку кіраўніцтва краіны.

Апошнія навіны