Экс-кандыдата ў «дэпутаты» ад апазыцыі запалохваюць судом і штрафам
- 26.11.2008, 14:15
Фінансавая міліцыя перасьледуе былога кандыдата ў «дэпутаты» і намесьніка старшыні аргкамітэту па стварэньні Партыі свабоды і прагрэсу Аляксандра Сілкова «за не прадстаўленую дэкларацыю аб даходах і маёмасьці».
26 лістапада ва ўпраўленьні дэпартаменту фінансавых расьследаваньняў па Магілёўскай вобласці Камітэта дзяржкантролю Беларусі на юрыста Аляксандра Сілкова быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні.
Зарэгістраваўшыся кандыдатам у дэпутаты па Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №85, Аляксандр Сілкоў атрымаў паведамленьне аб прадстаўленьні дэкларацыі ў падатковую інспекцыю. Аднак дэмакратычны актывіст не пагадзіўся з такой прапановай і падаў заяву ў пракуратуру аб тлумачэньні тых выпадкаў, калі падаткавікі маюць права ў абавязковым парадку патрабаваць прадстаўленьня звестак пра даходы грамадзянаў, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Неўзабаве быў атрыманы адказ, дзе былі пералічанымі ўсе катэгорыі грамадзян (зразумела, без кандыдатаў у «дэпутаты»), якія павінны абавязкова прадстаўляць такую дэкларацыю, пры гэтым супрацоўнік пракуратуры паведаміў, што і кандыдату ў «дэпутаты» неабходна яе прадставіць. Не пагадзіўшыся з такім адказам магілёўскай пракуратуры, Аляксандар Сілкоў звярнуўся ў Генеральную пракуратуру.
Сёньня ён па афіцыйнаму выкліку наведаў УДФР КГК па Магілёўскай вобласці, прычым намерваўся гэта зрабіць разам з юрыстам Барысам Бухелем. Аднак законнага прадстаўніка ў кабінет не прапусьцілі, а на пытаньне Аляксандра Сілкова аб тым, на аснове якога артыкула складзены пратакол, адказаць не змаглі. Затое паведамілі, што 3 снежня адбудзецца суд, а намесьніка старшыні аргкамітэту па стварэньні Партыі свабоды і прагрэсу Аляксандра Сілкова чакае штраф.
Пры гэтым супрацоўнікі фінансавай міліцыі не прынялі да ўвагі просьбу актывіста дачакацца адказу з Генеральнай пракуратуры.
Як паведаміў Барыс Бухель, у залежнасьці ад вынікаў судовага працэсу мясцовыя праваабаронцы будуць намагацца давесьці гэтую справу да лагічнага канца і абскарджваць рашэньне адміністрацыйнага суда у судах вышэйшай інстанцыі.