BE RU EN

Грамадзянскія актывісты аспрэчваюць несправядлівыя прысуды

  • 27.11.2008, 15:20

Краязнаўца Ігар Лапеха і моладзевая актывістка Надзея Крапівіна абскардзілі прысуд Ленінскага раёну Горадні, паводле якога абаронцаў дрэваў пакаралі мільённымі штрафамі.

Ігар Лапеха кажа, што падаў касацыю ў абласны суд у знак салідарнасьці з Надзеяй Крапівінай. Па ягоных словах, Эдвард Дмухоўскі, зважаючы на «несур’ёзны» памер штрафу, ад касацыі адмовіўся, піша «Наша Ніва».

«Я не чакаю ад суду апраўдальнага вэрдыкту», - кажа Ігар Лапеха.

Ён прыгадвае першы суд, у часе якога, па ягоных словах, судзьдзя ўпарта не хацела браць пад увагу матывацыю дзеяньняў абаронцаў дрэваў, а таксама той факт, што высяканьне дрэваў было незаконным.

«Нас зьвінавацілі ў хуліганстве, хоць больш гэта цягнула на несанкцыянаваны пікет» — мяркуе краязнаўца.

Ён не выключае, што разгляд іхняй скаргі таксама можа зацягнуцца.

Нагадаем, 13 лістапада адбыўся суд над актывістам руху «За Свабоду!» Эдвардам Дмухоўскім, краязнаўцам Ігарам Лапехам і актывісткай Надзей Крапівінай, якія 16 кастрычніка гэтага году былі затрыманымі за спробу перашкодзіць незаконнаму высяканьню грабаў.

Суд Ленінскага раёну Горадні прызнаў мясцовых актывістаў вінаватымі ў «дробным хуліганстве» і «непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі» і пакараў іх на агульную суму ў памеры $1тыс. Э.Дмухоўскі быў прызнаны вінаватым у «дробным хуліганстве» і быў пакараны штрафам у памеры 5 базавых велічынь (175 тыс. руб.). І. Лапеху і Н. Крапівіну суд палічыў вінаватымі, акрамя таго, і ў «непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі», у выніку чаго яны атрымалі штрафы ў 30 б.в. (1.050 тыс.) і 25 б.в. (875 тыс.) адпаведна. Вяла працэс судзьдзя Натальля Козел.

Варта ззначыць, што справа гарадзенскіх абаронцаў дрэваў мела рэзананс, а сама тэма бязглуздага і, як сьведчаць некаторыя дакумэнты, незаконнага высяканьня дрэваў знайшла адлюстраваньне ў газэце «Советская Белоруссия».

Апошнія навіны