«Ліпавыя» лічбы Мінстата: ежа даражэй у пяць разоў, чым па статдадзеных
- 27.11.2008, 18:25
Улетку цэны на зялёную цыбулю вагаліся ад 15 да 25 тысячаў рублёў, і нават кілаграм авакада ў менскіх крамах каштаваў менш. Але, паводле Міністэрства статыстыкі, сярэдняя цана на зялёную цыбулю за лета склала... каля чатырох тысяч!
Увосень цэны крыху знізіліся, але ўсё адно даходзілі да 20 тысячаў за кілаграм.
“А што вы хацелі? Цяпер жа не лета. Цыбуля зялёная каштуе 15-20 тысяч. Мінімальны кошт – 15 тысяч за кілаграм, а максімальны – 20. Давайце казаць адкрыта: цяпер усё даражэе...”, - так у кастрычніку казалі прадстаўнікі адміністрацыі Камароўскага рынка.
Нават старшыня дзяржкамітэта Зянон Ломаць публічна абурыўся наконт таго, што беларуская агародніна даражэй за імпартную. Словы чыноўніка паўсюдна цытавалі ў прэсе. А сам ён грозна абяцаў разабрацца. Была паказальная лупцоўка, якая скончылася тым, што “парушэнняў парадку цэнаўтварэння ў нашых, айчынных вытворцаў, не выявілі”.
Але вось што дзіўна! Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, такой праблемы ўвогуле не было. Сярэдняя цана на зялёную цыбулю за лета склала каля чатырох тысяч, а ў верасні-кастрычніку — каля 7 тысяч беларускіх рублёў.
“Па Рэспубліцы Беларусь сярэдняя цана на цыбулю зялёную склала ў чэрвені 4 тысячы 806 рублёў. У ліпені – 4775 рублёў. І ў жніўні – 5 тысяч 449 рублёў. Сярэднія кошты па Рэспубліцы Беларусь на зялёную цыбулю склалі ў верасні 2008 года 7 тысяч 846 рублёў, у кастрычніку – 7 тысяч 64 рублі”, - паведамілі “Еўрарадыё” ў Міністэрстве статыстыкі Беларусі.
Паводле інфармацыі Белстату, капуста свежая ў верасні-кастрычніку каштавала каля 650 рублёў. Цэны бульбы за гэтыя месяцы даходзілі да 800 рублёў. Цэны на свініну вагаліся ад дзесяці тысяч да 10 тысяч 300 рублёў. Што тычыцца алею, то ў верасні-кастрычніку ён каштаваў ад 5800 да 6200 рублёў.
Зараз афіцыйныя цэны можна параўнаць з сапраўднымі.
Прэс-сакратар Белстату Алена Кандраценка разыходжанні ў лічбах патлумачыла “сярэдняй арыфметычнай” цаной па рэспубліцы.
“Разумееце, мы ўлічваем рознае – і сталіцу, і невялікія гарады, і сельскую мясцовасць, і рознічны продаж, і рынкі. Тут таксама ёсць розніца. У нас з’явіўся свой вытворца, і ён прадаваў прадукцыю танней, чым імпартную мы атрымлівалі. Але гэты вытворца, магчыма, не вырасціць яе ў тым аб’ёме, каб забяспечыць усе рэгіёны. У сталіцы, напрыклад, магло ня быць. А цана выводзіцца сярэдняя па рэспубліцы!” – сцвярджае Алена Кандраценка.
Але, каб атрымаць у сярэднім 7 тысяч, пры коштах 15-20 тысяч у менскіх крамах, напэўна, дзесьці зялёную цыбулю мусілі раздаваць бясплатна...