BE RU EN

Франаку Вячорку адмовілі ва ўзнаўленні на вучобе

  • 28.11.2008, 8:20

Лідэру моладзевай арганізацыі Партыі БНФ «Моладзь БНФ» Франаку Вячорку ізноў адмоўлена ва ўзнаўленні на вучобе.

27 лістапада ён атрымаў адказ на свой зварот з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. "У ім вядзецца, што мне адмоўлена ва ўзнаўленні на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Аднак, калі раней падобныя адказы прыходзілі ў катэгарычнай форме, то цяпер мне прапаноўваюць пачакаць да канца сесіі і ізноў падаць дакументы на ўзнаўленне, але ўжо ў лютым будучага года", — сказаў Ф.Вячорка ў інтэрв'ю БелаПАН.

Таксама малады палітык паведаміў, што ваенкамат Савецкага раёна Менска згодзен выключыць яго са спісу невыязных за мяжу асоб. "Аднак у гэтым спісе я пакуль застаюся, паколькі, як мне растлумачылі, санкцыю на выключэнне з гэтага спісу павінен даць яшчэ і гарадскі ваенкамат", — сказаў Ф.Вячорка.

Ф.Вячорка быў адлічаны з трэцяга курса факультэта журналістыкі БДУ у лютым гэтага года "за акадэмічную непаспяховасць". Фармальнай прычынай адлічэння стала тое, што студэнт не змог своечасова здаць сесію: у гэты час Ф.Вячорка адбываў 15-суткавы адміністрацыйны арышт па абвінавачванні ў дробным хуліганстве, якое ён нібыта здзейсніў 16 студзеня ў будынку суда Цэнтральнага раёна Менска, дзе праходзіў працэс па справе актывісткі моладзевага дэмакратычнага руху Юліі Сіўцовай.

Франак Вячорка, сын аднаго з лідэраў Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, кіруе партыйнай камісіяй па культуры. Ён неаднаразова затрымоўваўся супрацоўнікамі міліцыі падчас масавых акцый апазіцыі і адбываў розныя тэрміны адміністрацыйнага арышту.

Апошнія навіны