Распрацаваны першы беларускі банкамат - з абаграваннем
- 28.11.2008, 9:45
Першы айчынны банкамат распрацаваны на Менскім вытворчым аб'яднанні вылічальнай тэхнікі (МПАВТ).
Беларускі банкамат не саступае па якасці замежным аналагам, піша газета «Рэспубліка». Ён мае шырокі спектр функцый. З дапамогай навінкі карыстальнікі могуць не толькі здымаць наяўныя, але і плаціць за гарадскі тэлефон і электраэнергію.
Пры распрацоўцы новага абсталявання адмыслоўцы прынялі да ўвагі кліматычныя ўмовы Беларусі. Банкамат аднолькава добра функцыянуе як у цёплы час года, так і пры мінусовай тэмпературы дзякуючы сучаснай убудаванай у яго сістэме абагравання.
Распрацоўка і ўкараненне айчынных банкаматаў прадугледжаныя Дзяржаўнай праграмай развіцця тэхнічнай інфраструктуры, што забяспечвае выкарыстанне банкаўскіх пластыкавых картак, разлічанай да 2010 года.