Павінен? Аддай кватэру дзяржаве!
- 28.11.2008, 15:29
Прэзідыўм Вярхоўнага суду прапанаваў у дачыненні да нядбайных бацькоў-даўжнікоў часцей ўжываць такую меру, як высяленне з кватэраў з перасяленнем у менш камфортнае жыллё.
Аб гэтым БелТА паведамілі ў прэс-службе суду.
Кватэры, якія вызваляцца, прапаноўваецца здаваць у наём на тэрмін, які забяспечыць пагашэнне запазычанасці перад дзяржавай за ўтрыманне іх дзяцей.
У судах сталіцы ўжо апрабаваная такая практыка, і яна прынесла плён. Прычым эфект мае не толькі здаванне памяшкання ў наём, але таксама і свайго роду выхаваўчая функцыя: у паловы даўжнікоў, якім пагражала высяленне за даўгі перад дзяржавай, на працягу месяца знайшліся грошы і яны пакрылі запазычанасць.
Менавіта судовыя выканаўцы будуць часцей наведваць абавязаных асобаў і высвятляць звесткі аб іх працы, заробку і наяўнасці жылля. У сталіцы нашай краіны налічаецца да 3000 абавязаных асобаў, якія ў перспектыве пры нявыплаце грошай на ўтрыманне сваіх дзяцей, будуць выселеныя са сваіх кватэраў.
Аналіз працы сталічных судоў паказаў, што выкананне нормаў дэкрэту №18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няшчасных сем'ях" далёка не на вышыні. Судовыя выканаўцы толькі ў палове выпадкаў выконваюць пастановы судоў, кампенсуючы дзяржаве тое, што яна выдаткавала на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.