BE RU EN

У Менску падчас акцыі «Разам супраць інсульту» 180 чалавек патрапілі ў лякарню

  • 3.11.2008, 16:00

29-30 кастрычніка ў 100 пунктах (у паліклініках, гандлёвых цэнтрах, аптэках, на прадпрыемствах) кожны, хто жадаў, мог запоўніць карту прагназавання ўзнікнення мазгавога інсульту.

Усяго да медыкаў звярнуліся 23,5 тысячы чалавек. І рызыка развіцця інсульту выяўленая ў 42% з іх, адзначае «КП в Беларуси».

Мала таго, вельмі высокая рызыка інсульту адзначаная ў 180 чалавек, у сувязі з чым яны тэрмінова былі накіраваныя на аказанне дапамогі ў Рэспубліканскі Цэнтр «Невралогія», распавёў БелТА старшыня камітэта па ахове здароўя Менгарвыканкама Дзмітры Піневіч.

Як адзначыў Дзмітры Піневіч, традыцыйна ў падобных акцыях актыўны ўдзел прымаюць жанчыны - больш за 65%. Павялічваецца колькасць моладзі і асобаў сярэдняга ўзросту - звыш за 30% ад агульнай колькасці ўдзельнікаў цяперашняй акцыі.

- Паводле папярэдніх дадзеных, падвышаны артэрыяльны ціск адзначаны ў 60% тых, хто звярнуўся. Пры гэтым у больш чым у 20% узровень артэрыяльнага ціску апынуўся настолькі высокім, што запатрабавалася аказанне неадкладнай медыцынскай дапамогі, - сказаў Дзмітры Піневіч.

Ён таксама дадаў, што даследаванні фактараў рызыкі паказалі, што кожны трэці ўдзельнік акцыі паліць (факт палення прызналі больш за 17% жанчын і 60% мужчын), а залішнюю масу цела маюць больш 65% менчукоў.

На жаль, штогод у Менску рэгіструецца больш за 3 тысяч інсультаў, ад якіх паміраюць 1,5 тысячы чалавек.

Апошнія навіны