Саакашвілі чакае новага нападу з боку Расеі ў найбліжэйшыя тыдні
- 3.11.2008, 16:01
Прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі чакае чарговага нападу з боку Расеі на працягу найбліжэйшых некалькіх тыдняў. У гэтым кантэксце, прэзідэнт заклікае Захад «не быць пасіўным назіральнікам».
У інтэрв'ю нямецкай газеце "Фокус" Саакашвілі сказаў, што Расея не задаволеная вынікамі вайсковай аперацыі, бо яна не змагла прыбраць да рук газаправоды, якія праходзяць на тэрыторыі Грузіі .
Засноўваючыся на інфармацыі назіральнікаў ЕЗ, прэзідэнт Грузіі заявіў, што ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі дыслакаваныя тысячы расейскіх жаўнераў. Саакашвілі заяўляе, што "Масква мае намер выкарыстаць ідэальны момант для новага нападу, калі ўвесь свет заняты глабальнымі фінансавымі праблемамі і прэзідэнцкімі выбарамі ў ЗША".