Прагноз крэдытнага рэйтынгу Беларусі паніжаны да «негатыўнага»
- 4.11.2008, 9:44
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor's (S&P) панізіла прагноз крэдытнага рэйтынгу Беларусі са «стабільнага» да «негатыўнага».
«Змена прагнозаў па рэйтынгу Беларусі адлюстроўвае неспрыяльны ўплыў міжнароднага эканамічнага і фінансавага асяроддзя на эканоміку краіны», - гаворыцца ў прэс-рэлізе агенцтва.
«Значнае пагаршэнне ўмоваў гандлю на фоне паніжэння попыту з боку ключавых экспарцёраў узмоцніць ціск на баланс бягучага рахунку пры абмежаваным доступе да знешняга фінансавання і абмежаваную абарону пры нізкай знешняй ліквіднасці», - цытуе «Тэлеграф» са спасылкай на АФН паведамленне рэйтынгавага агенцтва.
Па меркаванні спецыялістаў S&P, у 2008 годзе дэфіцыт бягучага рахунку складзе каля 3,6 млрд. даляраў або 7% ВУП. Пры гэтым у агенцтве прагназуюць паслабленне экспартнага попыту, у тым ліку і ад ключавых гандлёвых партнёраў у СНД. Гандлёвыя ўмовы ў рэспубліцы пагоршацца з-за таго, што ў 2009 годзе пачнецца новы этап істотнага скарачэння расейскіх газавых субсідый.
"Стабільнае падвышэнне ўзроўня валютных рэзерваў і, у той жа час, прыняцце мер па ўмацаванні знешняй канкурэнтаздольнасці і паніжэнні залежнасці беларускай эканомікі ад імпарту, будуць умовамі для перагляду прагнозу ізноў да стабільнага. І наадварот, значнае павелічэнне дэфіцыту бягучага рахунку і наступнае пагаршэнне паказчыку знешняй ліквіднасці могуць прывесці да паніжэння рэйтынгаў», - дадалі ў S&P.
Пры гэтым агенцтва пацвердзіла рэйтынгі на ўзроўні B+ у замежнай валюце, BB доўгатэрміновыя і B кароткатэрміновыя ў нацыянальнай валюце.