МВФ спяшаецца на дапамогу Венгрыі і Ўкраіне
- 4.11.2008, 9:48
Венгрыя і Ўкраіна атрымаюць дапамогу ад Міжнароднага валютнага фонда на пераадоленне фінансавага крызіса.
Фінансавая сістэма Венгрыі патрапіла ў занадта моцную залежнасць ад замежных інвестараў. Калі пачаўся адток капіталу, курс форынта абрынуўся да мінімальнага за два гады ўзроўня, у банкаў паўсталі вострыя праблемы з ліквіднасцю, паведамляе «Еўраньюс».
Аб'ём і ўмовы дапамогі з боку МВФ яшчэ не ўзгодненыя, але прэм'ер-міністр Венгрыі Ферэнц Дзюрчань, сустракаючыся з прадстаўнікамі парламента, заявіў, што дамова з МВФ закліканая абараніць інтэрасы венгерскай эканомікі. “У Венгрыі ёсць саюзнікі ў барацьбе за фінансавую стабільнасць,” – сказаў ён.
Яшчэ 16,5 млрд. даляраў МВФ абяцаў Украіне. Яе эканоміку падкасіў фінансавы крызіс і рэзкае падзенне коштаў на сталь. Калі курс нацыянальнай валюты – грыўны – да даляра абяскошціўся на 20%, людзі кінуліся забіраць уклады з банкаў.
Паміж тым, раней крэдыт у памеры 2 млрд. даляраў атрымала ад фонда Ісландыя. Перамовы з МВФ на тую ж тэму вядуць Беларусь, Пакістан, Румынія.