Былы рэктар БДУ узначаліў інстытут імя Канфуцыя
- 4.11.2008, 10:13
Васіль Стражаў узначальваў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт пяць гадоў, пасля гучнага звальнення з гэтай пасады Аляксандра Казуліна. Афіцыйнай прычынай адстаўкі Стражава называюць ягоны ўзрост.
У наступным годзе яму споўніцца 65 гадоў - лімітавы ўзрост для кіраўніцтва дзяржустановай. Тым больш што ў лютым у Васіля Іванавіча скончваўся кантракт.
- Мы думалі, гэта здарыцца бліжэй да лютага, - прызналіся «Комсомольской правде в Беларуси» супрацоўнікі ўніверсітэта.
Праўда, раставацца з універсітэтам Стражаў не збіраецца. Ён узначаліў Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя (дагэтуль Стражаў кіраваў ім на грамадскіх пачатках), а з новага вучэбнага года мае намер чытаць лекцыі на фізічным факультэце.
Новы рэктар для БДУ таксама постаць не новая. Сяргей Абламейка - сам выпускнік БДУ, апошнія некалькі гадоў прафесар чытаў лекцыі на факультэце прыкладной матэматыкі. Узначальваў з 2002 года Інстытут праблем інфармацыі Акадэміі навук.
Якія задачы пастаўленыя яму на пасадзе кіраўніка БДУ, зразумела з слоў Аляксандра Лукашэнкі: "Хацелася бы большай эфектыўнасці ў БДУ… Універсітэт павінен сам зарабляць грошы, у тым ліку і вытворчасцю пэўнай прадукцыі".