BE RU EN

За нашу і вашу Свабоду!

  • 5.11.2008, 7:16

5 лістапада журналісты ўсяго света правядуць акцыі пад агульнай назвай «Станем за журналістыку!». Акцыю падтрымалі незалежныя журналісты Беларусі, дзе свабода слова амаль знішчана.

Ініцыятарам акцыі выступіла Міжнародная федэрацыя журналістаў (МФЖ). Кампанія «Станем за журналістыку!» была паспяхова праведзеная МФЖ і яе арганізацыямі-сябрамі ў мінулым годзе. Тады ўдзел у сусветнай акцыі прыняло і грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Кампанія стала днём салідарных дзеянняў журналістаў па ўсёй Еўропе. Сёлета плануецца зрабіць гэты дзень сусветным.

Сярод магчымых акцый і тэм для кампаніі «Станем за журналістыку!» - прафсаюзныя сходы на працоўных месцах; прэс-канферэнцыі, прысвечаныя розным аспектам якасці журналістыкі; акцыі пратэсту і лабіравання; падача петыцый; масавыя акцыі; звароты да палітыкаў і грамадскасці; акцыі на працоўных месцах з патрабаваннямі паляпшэння ўмоваў працы; кароткія перапынкі ў працы ў знак абароны якасці журналістыкі альбо ў памяць аб забітых калегах і іншыя.

Беларуская асацыяцыя журналістаў падтрымала міжнародную акцыю «Станем за журналістыку!» і ў сувязі з гэтым выступіла з заявай, у якой адзначыла цяжкую сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі, дзе за гады кіравання Лукашэнкі былі закрытыя практычна ўсе незалежныя газеты, няма ні аднаго незалежнага тэлеканала, зніклі без вестак і былі забітыя журналісты.

«Нават адзін-адзіны свабодны чалавек у краіне, нават адна-адзіная незалежная газета прымушае нервавацца тых, хто ля улады. Прымушае ісці на любыя хітрыкі, каб не развалілася іх Каралеўства Крывых Люстэркаў, іх выбудаваны дабрабыт, іх дзяржава для народа, у якой народу прапаноўваецца чарка, шкварка і тэлебачанне з адным на ўсю краіну палітыкам.

На журналістаў уплываюць па-рознаму. Кагосьці проста прыкормліваюць, каго не могуць прыкарміць — спрабуюць прыструніць: садзяць на кароткі ланцужок, апранаюць строгі нашыйнік, падлучаюць да яго ток у выглядзе ўсё новых і новых законаў», - адзначаецца ў звароце.

У заяве адзначаецца, што ў такой сітуацыі кожны беларускі журналіст стаіць перад выбарам.

«Воляй-няволяй журналісту прыходзіцца рабіць выбар паміж рэальнасцю «Дажынак» і з'ездаў «Белай Русі» і рэальнасцю маці-адзіночак, чарнобыльцаў, дзяцей-сірот, рэальнасцю паміраючых вёсак і пустуючых лядовых палацаў у гарадах з насельніцтвам у некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Ці пісаць аб «росквіце», які працягваецца, аб «цудоўнай дзяржаўнай эканоміцы», якой «не страшны» сусветны фінансавы крызіс, аб «зорках» і «звяздунах» і рабіць выгляд, што карупцыя, кумаўство, злачыннасць — гэта ўсё не пра нашу краіну?

Менавіта для гэтага патрэбная журналістыка — каб паказаць, што ў насамрэч адбываецца ў грамадстве, як у рэальнасці працуюць законы, якія крокі робіць або не робіць улада», -- гаворыцца ў заяве.

Беларускія журналісты адзначаюць: свабода слова — аснова жыцця нармальнага грамадства.

«Прафесію журналіста наогул прынята лічыць небяспечнай. Не таму, што нас нярэдка «прэсуюць», нам пагражаюць, а часам некаторых знаходзяць мёртвымі ў сваіх кватэрах або не знаходзяць зусім. Журналістыка небяспечная для тых, каму ёсць што хаваць і чаго баяцца. Для тых, хто страшна баіцца голаса вольнага слова.

Мы працягваем стаяць на сваім: свабодная журналістыка — аснова жыцця нармальнага грамадства. Голас кожнага можа і павінен быць пачуты. Усе мы стаім за журналістыку! Не за прафесію, але за свабоду казаць і быць пачутымі.

Сёння — зрэшты, як і заўсёды — нам важная падтрымка кожнага з нашых чытачоў. Шматлікіх незалежных газеты сёння не знойдзеш у падпісных каталогах на наступны год. Не будзе іх і ў газетных кіёсках. Шукайце нашыя выданні ў распаўсюджвальнікаў! Падпісвайцеся на нас у рэдакцыях! Чытайце нашыя навіны на сайтах! Будзьце з намі! Таму што толькі ўсе разам мы зможам абараніць свабоду слова!», – заклікаюць незалежныя журналісты Беларусі.

Апошнія навіны