Анкеты ў дзіцячых садках: дзе бацькі захоўваюць грошы? (Фота)
- 5.11.2008, 9:59
У беларускіх дзіцячых садках бацькам раздаюць анкеты і просяць адказаць на пытанне: дзе яны працуюць і дзе захоўваюць зберажэнні.
Аддаючы дзіця ў дзіцячы садок, мала каму з бацькоў прыйдзе ў галаву, што дашкольную ўстанову можа цікавіць яшчэ нешта, акрамя выхавання і дагляду за іх дзіцём. Апыняецца, выхавальнікі могуць папрасіць вас распавесці не толькі аб здароўі і захапленнях малога, але і аб асабістых прыбытках, і нават месцы захоўвання грошай. На днях на падобныя пытанні прыйшлося адказваць бацькам, чые дзеці наведваюць д/с №71.
Як распавёў «Салідарнасці» бацька аднаго з выхаванцаў, нядаўна ў садку ім далі для запаўнення «анкету». У назве дакумента значылася: «Акт абследавання ўмоваў жыцця і выхавання непаўнагадовага».
— Нам проста аддалі паперкі і папрасілі запоўніць, — успамінае ён. — Спачатку мы не звярнулі на гэта асаблівай увагі. Звычайныя пытанні: імя, узрост, склад сям'і… Але дома, сеўшы запаўняць, прыйшлі ў здзіўленне. Дзіцячы садок цікавіла не толькі нашае месца працы і пасада, але і заробак, стаж, ці знаходзімся мы з жонкай у законным шлюбе.
Далей — больш. Асаблівую ўвагу звярнуў на сябе 11-ы пункт. У ім значылася: «Мае маёмасць (так, не; пры наяўнасці маёмасці складаецца вопіс, пры наяўнасці грошай указваюцца нумары дакументаў, сума, месца захоўвання)».
— Якая да гэтага справа дзіцячаму садку, мы так і не можам зразумець. Можа, нам яшчэ трэба было ўказаць і код ад рахунку ў банку? — абураюцца бацькі.
Паміж тым у дзіцячым садку №71 «Салідарнасці» заявілі, што ніякіх папер для запаўнення бацькам не раздавалі.
— Акт павінен быў запаўняцца выхавальнікамі пры наведванні сям'і, — адзначыла загадчыца Юлія Радабольская. — Мы абавязаныя абследаваць жыллёвыя і іншыя ўмовы нашых выхаванцаў два разы на год, калі ж гэта дзеці з неспрыяльных сем'яў — то раз на месяц.
Што жа датычыцца злашчаснага 11-га пункта, то, па словах загадчыцы, ён датычыцца толькі выхаванцаў, якія знаходзяцца на апецы.
— Гэты дакумент прыйшоў да нас з аддзела апекі ўпраўлення адукацыі, — растлумачыла Юлія Радабольская. — Натуральна, калі за дзіцём, якое знаходзіцца на апецы, лічыцца кватэра, нам неабходна ведаць, хто ёю карыстаецца, хто плаціць. А ў адносінах астатніх дзяцей гэтыя пункты запаўняць не трэба.
Вось толькі бацькам аб гэтым нічога не сказалі.
— Калі на наступны дзень мы прыйшлі ў групу, выхавальніца проста накінулася на нас: «Вы дагэтуль не запоўнілі?! Ды як вы можаце?! Кіраўніцтва патрабуе, каб такая папера была складзеная на кожнае дзіця. Не хочаце запаўняць — тады мы самі да вас прыйдзем і паглядзім, як вы там жывёце і што хаваеце», — распавядаюць бацькі.

