КДБ вырашыў заняцца выхаваннем моладзі
- 5.11.2008, 10:45
КДБ Беларусі мае намер пашыраць спектр форм выхаваўчай працы з моладдзю. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік старшыні Камітэта дзяржбяспекі Беларусі Мікалай Смаленскі.
Ён адзначыў, што органы дзяржбяспекі вырашаюць свае спецыфічныя задачы. У той жа час супрацоўнікі спецслужбаў у сталіцы і рэгіёнах актыўна ўдзельнічаюць у выхаваўчай працы са студэнтамі і школьнікамі. Супрацоўнікі цэнтральнага апарата КДБ шэфствуюць таксама над Рэспубліканскім цэнтрам медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі. Традыцыйнымі сталі штогадовыя акцыі "Афіцэры КДБ - дзецям" у Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым лагеры "Зубронак", перадае БелаТА.
"Гэтая праца будзе працягнутая і надалей, а пералік мерапрыемстваў будзе пашырацца", - сказаў Мікалай Смаленскі. У прыватнасці, плануецца праводзіць суботнікі, збор сродкаў для аказання дапамогі падшэфным установам, напрыклад, у набыцці лекаў, неабходнага абсталявання. Будуць арганізаваныя спартовыя і культурныя мерапрыемствы. Падшэфныя школьнікі будуць запрашацца на ўрачыстасці па выпадку прысвячэння ў супрацоўнікі органаў дзяржбяспекі маладых афіцэраў.
"Моладзь - гэта нашая будучыня, і супрацоўнікі органаў дзяржбяспекі не могуць быць безуважныя да ейнага выхавання", - падкрэсліў Мікалай Смаленскі. Ён дадаў, што супрацоўнікі КДБ таксама вядуць прафілактычную працу па папярэджанні розных правапарушэнняў сярод моладзі, асабліва студэнтаў. З гэтай мэтай рэгулярна праводзяцца сустрэчы з моладдзю, адміністрацыяй вучэбных установаў.
Вучні падшэфнай Цясноўскай сярэдняй школы імя Ф.Дзяржынскага сёння ўпершыню наведалі цэнтральны апарат Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі ў Менску. Акцыя "Органы дзяржаўнай бяспекі тваёй краіны" праводзілася ў адпаведнасці з прэзідэнцкай праграмай "Дзеці Беларусі". Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюзу працаўнікоў органаў дзяржбяспекі, а таксама адміністрацыя Цясноўскай СШ.
Па словах Мікалая Смаленскага, цэнтральны апарат Камітэта падтрымлівае з падшэфнай школай даўнія сяброўскія сувязі. Упершыню вучні атрымалі магчымасць пазнаёміцца, пагутарыць з супрацоўнікамі органаў дзяржбяспекі, ветэранамі КДБ. У праграме мерапрыемства таксама наведванне гісторыка-дэманстрацыйнага, вучэбна-спартовага і аздараўленчага цэнтраў КДБ. Сваё майстэрства рабятам прадэманструюць супрацоўнікі групы "Альфа".