BE RU EN

Пракуратура запатрабавала ад лідэра прадпрымальнікаў тлумачэнняў

  • 5.11.2008, 11:13

Кіраўніка аб'яднання «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктара Гарбачова 4 лістапада выклікалі ў пракуратуру Барысава і Барысаўскага раёна.

Старэйшы пракурор Ірына Пашкевіч запатрабавала даць тлумачэнні з нагоды ягоных інтэрв'ю, апублікаваных у прэсе і на сайтах за апошні месяц. У якасці «інкрымінуемых артыкулаў» яму былі прад'яўленыя раздрукоўкі матэрыялаў з сайтаў ucpb.org, camarade.biz, tut.by, БелаПАН, сайта Канфедэрацыі прафсаюзаў Расеі, а таксама з газеты «Камсамольская праўда».

Па словах Віктара Гарбачова, у іх ён заявіў аб тым, што 120 тысяч прадпрымальнікаў Беларусі з новага года спыняць сваё існаванне, калі ўлада не перагледзіць заканадаўства па стаўленні да іх. Ён падкрэсліў, што прадпрымальнікі будуць абараняць свае правы і прагназаваў паўтор вулічных акцый пратэсту, як год таму.

Як паведаміў сайту ucpb.org Віктар Гарбачоў, улады ў ягоных словах «угледзелі крамолу». У пракуратуры запатрабавалі растлумачыць, якім чынам прадпрымальнікі маюць намер абараняцца і што за акцыі плануюць. «Яшчэ няма факту, няма падзеі, ёсць толькі думкі, і за іх мяне ўжо хочуць "прыцягнуць да адказнасці", — сказаў лідэр прадпрымальнікаў. — Я выказаў свой пункт гледжання, маю на гэтае канстытуцыйнае права (арт. 33). Ёсць праблема і яе трэба вырашаць. Шляхам збору подпісаў, шляхам пікетаў, страйкаў і т.д. (арт. 35). Гэта ўжо няхай самі прадпрымальнікі вырашаюць у сябе на месцах, хто на што здатны. Калі ўлада не захоча слухаць прадпрымальнікаў, тады, як я лічу, яны не выключаюць такога варыянту, як выхад на плошчу».

Віктара Гарбачова апытвалі ў пракуратуры дзве гадзіны. Пасля вывучэння прад'яўленых матэрыялаў ён прадаставіць 10 лістапада пісьмовыя тлумачэнні. Выклік у пракуратуру, па ягоных словах, ён расцэньвае як боязь улад і спробу прадухіліць акцыі пратэсту шляхам запалохвання прадпрымальнікаў.

Апошнія навіны