BE RU EN

Часовы павераны ў справах ЗША: «Усё залежыць зараз ад беларускіх уладаў»

  • 5.11.2008, 13:02

Часовы павераных у справах ЗША у Менску Джонатан Мур у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 каментуе вынікі прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў Амерыцы.

-- Спадар Мур, як Вы пракаментуеце выбарчую кампанію, якая прайшла ў ЗША?

-- Былі розныя кампаніі і ў рэспубліканцаў, і ў дэмакратаў. Адзін са шматлікіх прыкладаў -- толькі ў другі раз у амерыканскай гісторыі жанчына была кандыдатам у віцэ-прэзідэнты ЗША. Першы раз у амерыканскай гісторыі кандыдат ад адной партыі быў афраамерыканцам. Таксама вельмі важна, што ў гэты раз ні адзін з кандыдатаў не быў прэзідэнтам ці віцэ-прэзідэнтам ЗША. Такое было ў апошні раз, калі не памыляюся, толькі ў 1952 годзе. Кандыдаты ў прэзідэнты зусім новыя людзі, вядома, з палітычнымі «каранямі», асабліва ў Сенаце.

Я лічу гэты кантэкст вельмі цікавым. Вельмі добра, што мы маем відавочны вынік, што Макейн ужо тэлефанаваў Абаме, што няма канфліктаў, няма здагадак, напрыклад, у Фларыдзе, у розных штатах зразумела, хто перамог. Я думаю, што ўсё зразумела і для амерыканскага народа. Будзем спадзявацца, для ўсяго свету гэта таксама добры, станоўчы вынік.

- Што значыць для Амерыкі абранне прэзідэнтам афраамерыканца?

- Так, гэта цікава. Гэта адбылося ўпершыню ў нашай гісторыі. Але ў іншым кантэксце хацеў бы сказаць, што ў гэтым няма нічога новага. У нас і зараз дзяржсакратар Кандаліза Райс, а раней Колін Паўэл -- афраамерыканцы. У нас губернатары і розныя людзі ва ўрадзе, у Кангрэсе, у Вярхоўным Судзе – афраамерыканцы. І ужо даўно, апошнія 30-40 гадоў. Гэта значыць ніякага цуду няма. Гэта рэальнасць сучаснай Амерыкі. Я думаю, што зараз людзі, якія цынічна казалі, што «амерыканцы ніколі не прагаласуюць за такога», зразумелі, што памыляліся. Амерыка -- краіна розных каранёў: з Афрыкі, з Еўропы, з Азіі, з Паўднёвай Амерыкі. І у гэтым кантэксце я таксама, як жыхар Ілінойса – штата, дзе нарадзіўся Абама, думаю, што цуду няма, гэта толькі факт сучаснай сітуацыі ў Амерыцы.

- Якіх крокаў перш за ўсё варта чакаць ад Барака Абамы на міжнароднай арэне?

-- Думаю, што ён захоча змяніць нашую палітыку ў Іраку і Аўганістане. У глабальным кантэксце я думаю, што міжнародная палітыка Амерыкі будзе такой жа, як і зараз. У любым выпадку, у кантэксце Беларусі я не чакаю сур'ёзных зменаў у нашых адносінах, у нашай палітыцы. Я павінен сказаць, усё залежыць зараз ад палітыкі беларускіх уладаў. Зразумела, што эканамічны крызіс уплывае на эканоміку Беларусі сур'ёзней, чым казалі раней. Зараз улады Беларусі прымаюць дэлегацыю Міжнароднага валютнага фонду, кажуць, што трэба рэфармаваць беларускую эканоміку. Насамрэч, беларуская эканоміка не можа быць паспяховай без свабоднага рынка. Трэба адкрываць эканоміку, праводзіць прыватызацыю, але рабіць гэта транспарэнтна, адкрыта. Каб была не толькі прыватызацыя, але і канкурэнцыя, каб розныя людзі, розныя інвестары маглі ўдзельнічаць у ёй.

- Пасля часовага зняцця Еўразвязам санкцыяў з Лукашэнкі і беларускіх чыноўнікаў, многія беларусы лічаць, што Амерыка – гэта адзіная краіна, якая займае прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. Амерыка захавае сваю прынцыповасць?

-- Нашая палітыка не зменіцца. Але вельмі важна падкрэсліць, што я не згодзен з тым, што палітыка краінаў Еўразвяза не такая прынцыповая. Я думаю, што палітыка Еўразвяза таксама вельмі добрая, санкцыі прыпыненыя ўсяго на шэсць месяцаў. Нічога сталага. Гэта вельмі важны прынцып. Вядома, у Беларусі шмат еўрапейскіх дыпламатаў. У Амерыкі ў Менску толькі адна амбасада, у Еўразвяза – шмат. Ёсць вельмі шмат ідэяў, шмат тэорыяў і шмат перспектываў – але, у выніку, гэта залежыць ад палітыкі з Брусэля. Не ад аднаго амбасадара ці ад аднай амбасады. Брусэль, я думаю, вельмі станоўча вырашыў. Падкрэслю, што адмена санкцыяў не звязаная з «парламенцкімі выбарамі», якія прайшлі і якія наогул не былі паспяховымі. Адмена санкцыяў звязаная з вызваленнем палітычных вязняў. І у гэтым кантэксце мы хочам ісці далей з нашымі еўрапейскімі калегамі. Дарэчы, я быў у Брусэлі два тыдні таму. Мы добра разумеем сітуацыю тут. Не сказаў бы, што нашая палітыка зусім ідэальная. Ва ўладаў Беларусі ёсць 6 месяцаў. Фундаментальна нашая палітыка ў дачыненні да Беларусі застаецца ранейшай: мы зацікаўленыя ў захаванні правоў чалавека, дэмакратыі, свабоды слова і прэсы.

Апошнія навіны