Еўразвяз і рэжым Лукашэнкі размаўляюць на розных мовах
- 5.11.2008, 17:33
Дэлегацыя Еўракамісіі сустрэлася з віцэ-прэм'ерам Беларусі Андрэем Кабяковым. Еўрапейскія палітыкі казалі аб правах чалавека, беларускія чыноўнікі – аб эканоміцы.
Намеснік генеральнага дырэктара па знешніх сувязях Еўрапейскай Камісіі Х'ю Мінгарэлі, які знаходзіцца з візітам у Менску, падчас сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Беларусі Андрэем Кабяковым нагадаў, што палітычнае кіраўніцтва ЕЗ прыняла рашэнне аднавіць кантакты з Беларуссю на міністэрскім узроўні і часткова адмяніць санкцыі. "У бліжэйшыя 6 месяцаў мы маем намер падтрымліваць дыялог з уладамі Беларусі, каб абмяркоўваць пытанні ў такіх сферах як свабода СМІ, развіццё сістэмы няўрадавых арганізацыяў, удасканаленне выбарчага заканадаўства, заканадаўства аб ахове працы, а таксама свабода слова", - заявіў кіраўнік дэлегацыі Еўракамісіі.
Паводле яго словаў, правядзенне ў Беларусі дэмакратычных пераўтварэнняў у гэтых сферах дапаможа краіне стаць паўнавартасным удзельнікам еўрапейскай палітыкі суседства, у межах якой ЕЗ гатовы прапанаваць узмацненне палітычнага і эканамічнага ўзаемадзеяння, палягчэнне перасоўванняў праз мяжу і міжасабовых кантактаў.
Х.Мінгарэлі таксама падкрэсліў, што прапанова з боку ЕЗ па пашырэнні галінаў супрацоўніцтва з Беларуссю з'яўляюцца першымі крокамі, "але Беларусь настолькі важны сусед ЕЗ, што мы гатовыя зрабіць больш". "Разам з тым, дзеля таго, каб гэта стала магчымым, мы чакаем сустрэчных крокаў у такіх накірунках як правы чалавека, вяршэнства закона, дэмакратызацыя", - дадаў прадстаўнік Еўракамісіі.
Віцэ-прэм'ер Беларусі: «Супрацоўніцтва з ЕЗ з упорам на эканамічны складнік»
Беларусь гатовая рабіць пэўныя крокі, накіраваныя на паляпшэнне адносінаў з ЕЗ, і чакае адэкватных дзеянняў з боку Еўразвяза, заявіў у Менску падчас сустрэчы з намеснікам генеральнага дырэктара па знешніх сувязях Еўрапейскай Камісіі Х'ю Мінгарэлі віцэ-прэм'ер урада Беларусі Андрэй Кабякоў.
"Беларускі бок усведамляе неабходнасць працы над так званым хатнім заданнем, вызначаным у дыялогу з ЕЗ, але разлічвае на адэкватныя дзеянні ЕЗ у адказ", - заявіў А.Кабякоў.
Віцэ-прэм'ер лічыць, што "апошнія крокі Беларусі і ЕЗ разгортваюць новую старонку ў адносінах". Пры гэтым ён падкрэсліў, што рашэнне аб зняцці "надуманых абмежаванняў і бар'ераў ва ўзаемных адносінах" з'яўляецца добрым крокам з боку ЕЗ, і беларускі бок спадзяецца, "што гэты працэс будзе набіраць сілу".
"Мы станоўча ацэньваем рашэнне ЕЗ аб прыпыненні візавых абмежаванняў і ўзнаўленні кантактаў з беларускімі ўладамі", - адзначыў А.Кабякоў, падкрэсліўшы, што беларускі бок "разглядае гэтыя рашэнні як прамежкавыя на шляхі паляпшэння адносінаў".