BE RU EN

У Менску эвакуявалі цэлую школу

  • 5.11.2008, 17:47

З будынка сярэдняй школы № 172 Завадскога раёна Менска 4 лістапада былі эвакуяваныя людзі. Прычыну эвакуацыі стварыў раней судзімы падлетак.

Аб гэтым паведаміла БелаПАН прэс-афіцэр УУС Завадскога раёна Анжаліка Гурыновіч.

Паводле яе словаў, 4 лістапада ў 9.30 падлетак 1991 года нараджэння, раней асуджаны за крадзеж і пашкоджанне маёмасці, распыліў на трэцім паверсе школы пярцовы газ з аэразольнага балончыка. "У выніку было эвакуявана 400 вучняў, 50 настаўнікаў і абслуговага персанала школы. У школу была выкліканая міліцыя і дзве машыны хуткай дапамогі. Семнаццаць вучняў былі дастаўленыя ў шпіталь для абследавання, дзевяць з іх шпіталяваныя", — паведаміла А.Гурыновіч.

Паводле яе словаў, супрацоўнікі міліцыі знайшлі вінаватага ў надзвычайным здарэнні вельмі хутка. Падлетак сцвярджаў, што зрабіў гэта не спецыяльна — балончык заклініла, ён уцёк на вуліцу, а газ працягваў распыляцца. "Аднак што адбылося на самай справе, усталюе следства", — адзначыла А.Гурыновіч.

Юнак затрыманы і змешчаны ў ізалятар часавага ўтрымання. У дачыненні да яго ўзбуджаная справа па частцы 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

Як паведаміла А.Гурыновіч, школа аднавіла нармальную працу праз тры гадзіны пасля здарэння.

Апошнія навіны