BE RU EN

«Газпраму» занадта дорага абыходзіцца Беларусь. Кошты адназначна падвысяцца

  • 6.11.2008, 8:24

«Газпрам» мае намер кампенсаваць выпадаючыя прыбыткі за кошт продажу газу Беларусі па $200 за тысячу кубаметраў, напісала сёння расейская газета «Камерсант».

Экспарт расейскага газу ў кастрычніку скараціўся на 8,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Асноўныя пакупнікі — Германія, Італія, Турцыя — знізілі аб'ём закупаў у «Газпрама» з-за рэзкага падвышэння коштаў з 1 кастрычніка да $460-520 за тысячу кубаметраў. Скарачэнне аб'ёмаў продажаў працягнецца, хутчэй за ўсё, у лістападзе і снежні.

Цэнтральнае дыспетчарскае ўпраўленне (ЦДУ) ТЭК Мінэнерга ўчора апублікавала ключавыя паказчыкі энергетычнага комплексу за дзесяць месяцаў 2008 года. У матэрыялах ЦДУ сказана, што падзенне экспарту прыроднага газу ў кастрычніку склала 8,3% — да 12,6 млрд кубаметраў. У «Газпрам экспарце», які па законе манапольна экспартуе прыродны газ, «Камерсанту» адмовіліся каментаваць гэтыя дадзеныя да «падпісанні штомесячных пратаколаў паставак пасля 20-га чысла».

У той жа час высокапастаўлены менеджэр «Газпрама» распавёў газеце, што паніжэнне спажывання тлумачыцца ўзлётам коштаў на газ з 1 кастрычніка ў сувязі з прывязкай кошту газу да кошыка нафтапрадуктаў з адтэрміноўкай на шэсць-дзевяць месяцаў. «Сёння расейскі газ па доўгатэрміновых кантрактах апынуўся самым дарагім у Еўропе. Усе асноўныя спажыўцы бяруць цяпер менш і дакупляюць на споце»,— растлумачыў суразмоўца. Размова ідзе аб кароткатэрміновых біржавых таргах, кошты на якія ў Еўропе на 30% цяпер танней за доўгатэрміновыя кантракты, тлумачыць Максім Шэін з «Брокеркрэдытсервіса». Італія, у прыватнасці, павялічыла закуп алжырскага і лівійскага газу. «Як і вясной мінулага года СПГ цяпер каштуе танней, чым прыродны газ з Расеі,— тлумачыць крыніца ў групе «Газпрам».— Калі ў снежні не будзе сур'ёзнага пахаладання, то спажыванне будзе падаць і ў лістападзе-снежні».

Скарачэнне паставак газу ў натуральным выразе панізіць планавую выручку «Газпрама», але, тым не менш, захавае яе на рэкордным узроўні — $75-77 млрд. Аб гэтым на днях заявіў намеснік гендырэктара «Газпрам экспарту» Сяргей Чалпанаў. Экспарт газу з Расеі ў цэлым за дзесяць месяцаў 2008 года, па дадзеных ЦДУ ТЭК, сапраўды павялічыўся на 14,3 млрд кубаметраў і склаў 134,5 млрд кубаметраў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Асноўныя страты недаатрыманай выгады, як чакаецца, прыйдуцца на 2009 год у сувязі з падзеннем коштаў на газ да $360-400 у Заходняй Еўропе. Зрэшты, «Газпрам» разлічвае кампенсаваць выпадаючыя прыбыткі за кошт продажу 22 млрд кубаметраў газу Беларусі і 55 млрд кубаметраў газу Ўкраіне па $200 і $250-400 за тысячу кубаметраў адпаведна.

Рэальныя страты манаполія панясе ў тым выпадку, калі валявым рашэннем улады Расеі абавяжуць перавесці экспартныя кантракты на расейскі рубель ужо з 1 студзеня 2009 года. Аб тым, што гэта магчыма, учора заявіў прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядведзеў у штогадовым пасланні Федэральнаму сходу, адзначыўшы, што «трэба нарэшце пачаць пераход да разлікаў у рублях, перш за ўсё, за газ і за нафту». Раней прэм'ер-міністр Уладзімір Пуцін казаў, што першай рублямі можа пачаць плаціць за расейскія нафту і газ Беларусі ўжо з 1 студзеня 2009 года.

Як распавёў «Камерсанту» менеджэр «Газпрама», з 1 студзеня будзе складана перавесці разлікі з СНД у рублі, паколькі кантракты з ўсімі краінамі за выключэннем Украіны прывязаныя да кошыка нафтапрадуктаў, што катыруецца ў далярах. Неабходна, каб газойль і мазут прадавалі на біржах за расейскія рублі ў межах змены сусветнай кан'юнктуры. У адваротным выпадку просты перавод кантрактаў з даляра на рубель прывядзе да падзення выручкі пры тэндэнцыі падзення курсу рубля, якая захаваецца, тлумачыць Максім Шэін. Зрэшты, у «Газпраме» пераходу на рублёвыя разлікі не баяцца і заявілі ўчора, што продаж за рублі спрыяльна адаб'ецца на фінансавых паказчыках «Газпрама».

Апошнія навіны