«Газету Слонімскую» працягваюць перасьледваць праз суд
- 6.11.2008, 10:40
Ад незалежнай «Газеты Слонімскай» кіраўнік мясцовага таварыства інвалідаў А.Новікава патрабуе абвергнуць непраўдзівыя, на ейную думку, зьвесткі і выплаціць кампэнсацыю ў памеры 5 мільёнаў 800 тысяч рублёў.
Сёньня адбудзецца папярэдняя сустрэча ў судзе паводле пазову да газэты, перадае «Радыё Свабода».
Нагодай для пазову стаў артыкул «Не рабі дабра — не атрымаеш зла» (нумар «ГС» ад 27.08.2008 году). Публікацыя распавядала пра тое, як слонімскія інваліды шукалі памяшканьне і, паколькі гэта было падчас выбараў, зьвярнуліся па дапамогу да апазыцыйнага кандыдата Івана Шэгі.
Спадар Шэга і прывёў да іх журналіста, а калі матэрыял быў падрыхтаваны, чальцы таварыства папрасілі нічога не друкаваць – маўляў, у райвыканкаме паабяцалі праблему вырашыць.
Кандыдат Іван Шэга атрымаў тады папярэджаньне ад акруговай камісіі: нібыта абяцаў інвалідам матэрыяльную падтрымку ў абмен на подпісы й галасаваньне за яго на выбарах.
Пасьля гэтага Сяргей Чыгрын апублікаваў матэрыял. А спадарыня Новікава, кіраўнік таварыства, зьвярнулася ў суд. Маўляў, факты не адпавядаюць рэчаіснасьці, а журналіст нібыта без дазволу запісваў яе на дыктафон.
Сяргей Чыгрын кажа, што з такім выпадкам сустрэўся ўпершыню: ішоў дапамагчы інвалідам, атрымалася ж невядома што.
«А тут аказалася, што я бязь іхняга дазволу ўключыў дыктафон... Гэты дыктафон я трымаў у 10 сантымэтрах ад спадарыні Новікавай і юрыста Фаменкова 30 хвілін, а яны цяпер кажуць, што ня ведалі, і што я іх не папярэдзіў», - тлумачыць Сяргей Чыгрын.
Спадарыня Новікава ў сваю чаргу заяўляе, што парушаныя ейныя правы.
«Мы можам гаварыць пра шмат якія рэчы, але гэта не азначае, што без майго дазволу можна гэта публікаваць», - лічыць Новікава.
Напрыканцы мінулага месяца «Газета Слонімская» атрымала адмову ад дзяржаўнага прадпрыемства «Белпошта», каб зьмясьціць яе ў падпісным каталёгу. З 2006 дамову з газэтай разарвалі таксама «Белсаюздрук» і мясцовы гандаль. Увесь гэты час тыднёвік даходзіць да чытача праз прыватных распаўсюджвальнікаў. Да ўсяго, сёлета рэдакцыі адмовілі ў арэндзе памяшканьня, і дагэтуль журналісты ня могуць знайсьці ў сваім горадзе пастаяннага месца пад офіс.