Абама сабраў каманду «пераходнага перыяду»
- 6.11.2008, 16:36
Абраны прэзідэнт ЗША Барак Абама сфарміраваў спецыяльны орган, які на працягу «пераходнага перыяду» (да інаўгурацыі, якая адбудзецца 20 студзеня) будзе займацца падрыхтоўкай да фарміравання новай адміністрацыі.
Аб гэтым паведамляе агенцтва France Presse.
Афіцыйна наноў сфармаваны орган атрымаў назоў Obama-Biden Transition Project (літар. Пераходны праект Абамы і Байдэна). Месцам яго паседжанняў стане Вашынгтон, паведамляецца ў прэс-рэлізе.
На чале наноў створанай каманды стануць Джон Падэста, Валеры Джарэт і Піт Раўз . У лік іх абавязкаў увойдзе адбор кандыдатаў на пасты міністраў, а таксама планаванне рэалізацыі перадвыбарчай праграмы Абамы. У складзе новага органа, які прыйдзе на змену перадвыбарчаму штабу Абамы і Байдэна, таксама будзе створаная наглядальная рада, у якую ўвойдуць 12 чалавек.
Джон Падэста, які ўвайшоў у кіраўніцтва, раней займаў пост кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта ЗША Біла Клінтана; Піт Раўз быў кіраўніком сенацкага апарата Абамы, а Валеры Джарэт доўгі час з'яўлялася асабістым дарадцам цяперашняга абранага прэзідэнта.
Паводле паведамлення некалькіх крыніцаў у Дэмакратычнай партыі ЗША, Барак Абама ўжо прапанаваў сенатару ад Ілінойса Раму Эмануэлу ўзначаліць сваю будучую адміністрацыю. Эмануэл пакуль не прыняў гэтую прапанову. Афіцыйныя прадстаўнікі абодвух палітыкаў устрымаліся ад каментароў на гэты конт.
Акрамя таго, кіраўнік ЦРУ Майкл Хэйдан у лісце, разасланым супрацоўнікам, паведамляе, што з чацвярга ЦРУ пачынае ўводзіць абранага прэзідэнта ў курс справы, падаючы яму сакрэтную інфармацыю як частку падрыхтоўкі Абамы да кіравання краінай, перадае France Presse.
Нагадаем, што Джордж Буш, які пакіне Белы дом 20 студзеня 2009 года, паабяцаў супрацоўнічаць з сенатарам-дэмакратам Баракам Абамай, які перамог на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША.