BE RU EN

Полацкіх актывістаў будуць судзіць за бел-чырвона-белы сьцяг

  • 7.11.2008, 18:27

На полацкіх моладзевых актывістаў склалі пратаколы за тое, што яны разгарнулі ў цэнтры горада сьцягі — бел-чырвона-белы і памаранчавы сьцяг ініцыятывы «Маладая Беларусь».

Сваю акцыю хлопцы знарок прымеркавалі да 7-га лістапада, жадаючы такім чынам падтрымаць антыкамуністычную акцыю моладзі ў Менску, паведаміла “Радыё Свабода”.

Алесь Круткін паведаміў, што іх зь Сяргеем Мартынюком пратрымалі ў пастарунку каля дзьвюх гадзін.

Хлопцы тлумачылі, што праводзілі акцыю супраць таго, што ўгодкі Кастрычніцкага перавароту дагэтуль адзначаюцца як дзяржаўнае сьвята. Міліцыянты запісалі іхныя тлумачэньні й адпусьцілі, паведаміўшы, што вінавацяць моладзевых актывістаў у парушэньні правапарадку. Дату суду Круткіну й Мартынюку не назвалі, цяпер яны мусяць чакаць позваў.

Затрыманьнем хлопцаў кіраваў маёр Іван Крахотка — адзін з тых міліцыянтаў, хто напярэдадні апытваў мясцовых прадстаўнікоў апазыцыйна настроенай моладзі пра дзейнасьць “Маладога Фронту” і “Маладой Беларусі”. Нагадаем, што цягам апошняга тыдня былі апытаныя Дзяніс Хабераў, Зьміцер Сакалоў, непаўналетнія Кацярына Жогаль і Карэн Платонаў. Алесь Круткін не выключае, што гэтак у міліцыі зьбіраюць матэрыялы на крымінальную справу супраць полацкіх актывістаў.

Апошнія навіны