У Магілёве прафсаюзы рыхтуюцца да акцый пратэсту
- 1.12.2008, 9:32
Пасля страйку будаўнікоў ААТ «Лавсанбуд», 28 лістапада незалежныя прафсаюзы, якія двойчы адмаўляліся прыступаць да працы з-за затрымкі заробку, задумаліся аб падрыхтоўцы больш маштабных акцый пратэсту.
28 лістапада будаўнікі ААТ «Лавсанбуд» філіяла СУ №129 двойчы адмаўляліся прыступаць да працы і прама на будаўнічай пляцоўцы правялі стыхійныя мітынгі. Галоўнай прычынай незадаволенасці, якую агучыў працоўны Мікалай Расюк, абраны працоўным калектывам для перамоваў з адміністрацыяй, стала нявыплата заробку за кастрычнік. Акрамя таго, будаўнікі былі абураныя яшчэ і тым, што з 1 снежня ім прапанавана перайсці на 6-дзённы працоўны графік з 7-гадзінным працоўным днём і толькі аднім выходным. Такім чынам, СУ №129 спрабуе зэканоміць выдаткі на электраэнергію, паведамляе «Нямецкая хваля».
Не менш складаная сітуацыя і на прамысловых прадпрыемствах Магілёва. Прадстаўнік Рэспубліканскага савета незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Галіна Лісіцына кажа, што крызіс закрануў амаль усе мясцовыя заводы, і ўжо час падумаць аб акцыях пратэсту:
"Як толькі праблемы пачаліся ў Менску, то адразу а гэта адбілася і на сітуацыі ў Магілёве. На хвалі таго, што сёння заводы пераводзяць на чатырох- або трохдзённы працоўны тыдзень, нам трэба аб'яднаць працоўных гэтых прадпрыемстваў і правесці мітынг або пікетаванне. Але ні ў якім разе не пакідаць гэты факт незаўважаным", -- упэўненая Галіна Лісіцына.
На карысць пазіцыі прафсаюзнага лідэра кажа і наступны факт. У дзень папераджальнага страйку будаўнікоў у мясцовай прэсе былі апублікаваныя дадзеныя аб сярэднім заробку ў прамысловасці. Па афіцыйнай статыстыцы магілёўцы зарабляюць каля 1 013 тысяч рублёў у месяц. Але гэтую лічбу прама на будпляцоўцы аспрэчыў адзін з працоўных, жонка якога працуе на адным з самых паспяховых заводаў горада: "У два разы менш яна атрымлівае, каля 500 тысяч рублёў, і гэта на "Хімвалакне".
Вытворчае аб'яднанне "Магілёў-Хімвалакно" заўсёды лічылася флагманам хімічнай прамысловасці краіны. Але зараз сітуацыя змянілася карэнным чынам. Па словах Галіны Лісіцынай, пратэстныя настроі працоўных растуць, а мясцовыя актывісты прафсаюзаў чакаюць толькі каманды з Менска: "На сённяшні дзень у нас гэтае пытанне абмяркоўваецца ў Менску. Як толькі адтуль прыйдзе дырэктыва, то мы адразу пачнем працаваць па рэгіёнах".
Гэта азначае, што ўжо да канца будучага тыдня магілёўскія прафсаюзныя актывісты, магчыма, пададуць у гарвыканкам заяўку на правядзенне першай акцыі пратэсту.