Расейскія санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў уступілі ў сілу
- 1.12.2008, 11:13
1 снежня ўведзеныя ў дзеянне абмежаванні на экспарт прадукцыі ў Расею 20 беларускіх жывёлагадоўчых прадпрыемстваў.
Аб гэтым паведамілі БелаПАН у Федэральнай службе па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе РФ.
Нагадаем, 22 кастрычніка рассельгаснагляд распаўсюдзіў паведамленне, што з 1 лістапада забараняецца ўвоз жывёлагадоўчай прадукцыі 20 беларускіх прадпрыемстваў. Такое рашэнне расейскае ведамства прыняло з-за таго, што "беларускі бок пры апошняй праверцы не правёў аўдыт прадпрыемстваў, праінспектаваных спецыялістамі Рассельгаснагляда ў жніўні 2008 года".
Аднак 28 кастрычніка на перамовах кіраўніка Мінсельгаса Расеі Аляксея Гардзеева з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Сямёнам Шапірай было вырашана перанесці дату ўвядзення абмежаванняў на месяц. На сустрэчы абмяркоўвалася таксама пытанне аб інспекцыі беларускімі спецыялістамі прадпрыемстваў Расеі, якія пастаўляюць у рэспубліку сваю прадукцыю. Як паведаміў прэс-сакратар рассельгаснагляда Аляксей Аляксеенка, афіцыйнага запыту з Беларусі на праверку расейскіх прадпрыемстваў яшчэ не паступала.
На прэс-канферэнцыі 12 лістапада Сямён Шапіра заявіў, што ўзровень якасці мяса-малочнай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў — "адзін з самых высокіх у краінах СНД і Еўропы". На пытанне, чаму Рассельгаснагляд забараняе ўвоз беларускай прадукцыі ў Расею, ён адказаў: "Тут справа не ў якасці прадукцыі. Заўвагі ў асноўным носяць тэхнічны характар — да памяшканняў, тэхналагічнага абсталявання". Кіраўнік Мінсельгаспрада адзначыў, што прадпрыемствы, на якіх выяўленыя недахопы, ужо працуюць над іх ўхіленнем.
А.Аляксеенка паведаміў таксама БелаПАН, што 11—12 снежня ў Менску адбудзецца сумесная калегія аграрных ведамстваў дзвюх краін, на якой плануецца сярод іншых абгаварыць пытанні ўніфікацыі кантролю якасці прадукцыі.