За трое сутак з Беларусі дэпартавана 150 замежнікаў
- 1.12.2008, 13:59
Тры дні ў Менску праходзілі спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы «Нелегал». Больш за тысячу замежнікаў былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.
Аб гэтым паведаміла агенцтву "Интерфакс" начальніца ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Святлана Бароўская.
"Падчас мерапрыемстваў "Нелегал" за тры дні ў Беларусі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне міграцыйнага заканадаўства былі прыцягнутыя больш за 1150 замежнікаў, з якіх 150 за грубае парушэнне правілаў знаходжання на тэрыторыі рэспублікі дэпартаваныя, з іх 51 - пад аховай", -- паведаміла С.Бароўская. Акрамя гэтага, да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне міграцыйнага заканадаўства прыцягнута каля 250 грамадзянаў Беларусі, удакладніла суразмоўца агенцтва.
Паводле яе словаў, супрацоўнікі праваахоўных органаў праверылі законнасць прыцягнення і выкарыстання замежнай працоўнай сілы суб'ектамі гаспадарання розных формаў уласнасці. "Асаблівая ўвага надавалася прадпрыемствам аграпрамысловага комплексу. Па выяўленых парушэннях да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 36 службовых асобаў", - адзначыла начальніца ўпралення.
"Нелегал" праводзілі супрацоўнікі органаў унутраных справаў ва ўзаемадзеянні з падраздзяленнямі памежнай службы і Камітэта дзяржаўнай бяспекі", - паведаміла С.Бароўская.