У ЗША асцерагаюцца, што тэрарысты ўжывуць зброю масавага знішчэння
- 1.12.2008, 15:41
Камісія Кангрэса ЗША асцерагаецца, што тэрарысты ў найбліжэйшыя пяць гадоў ужывуць зброю масавага знішчэння, паведамляе The New York Times.
"Калі ЗША і іх саюзнікі не прымуць тэрміновых мераў, цалкам верагодна, што ў бліжэйшыя пяць гадоў тэрарысты ўжывуць дзесці ў свеце біялагічную, ядзерную ці іншую зброю масавага знішчэння", - рэзюмуе высновы карэспандэнт Эрык Шміт.
"Узровень бяспекі ЗША не расце, а зніжаецца", - зрабіла выснову камісія, паводле звестак газеты. Сярод небяспечных фактараў, лічыць камісія, - распрацоўкі ядзернай зброі Іранам і Паўночнай Карэяй і дрэнная ахова ў сховішчах хваробатворных мікраарганізмаў.
"На гіпатэтычнай карце сучаснага тэрарызму і ЗМЗ усе дарогі сходзяцца ў Пакістане", - сказана ў дакладзе, падрыхтаваным яшчэ да нядаўніх падзеяў у Мумбаі. Як падкрэсліваюць аўтары дакумента, Пакістан можа міжволі зрабіцца крыніцай удару тэрарыстаў па Злучаных Штатах, у тым ліку праз ЗМЗ.
Паводле звестак газеты, у дакладзе ўтрымліваюцца 13 рэкамендацыяў. Асаблівае месца нададзена барацьбе з біятэрарызмам і ўмацаванню міжнародных арганізацыяў кшталту МАГАТЭ, а таксама неабходнасці праводзіць цэласную палітыку ў дачыненні да Пакістану. Камісія зрабіла выснову, што адміністрацыя Буша надавала недастатковую ўвагу прадухіленню біятэрарызму, і заклікала ўзмацніць нагляд за лабараторыямі, дзе захоўваюцца адпаведныя патагены.
Камісія таксама настойліва рэкамендуе адміністрацыі Абамы падмацаваць дыпламатычныя ініцыятывы ў дачыненні да Ірана і Паўночнай Карэі "пераканаўчай пагрозай наўпроставых дзеянняў", піша газета.
У дакуменце прапаноўваецца стварыць на ўзроўні Белага дома спецыяльны аддзел ці пасаду па прадухіленні распаўсюджвання ЗМЗ і яе магчымага ўжывання тэрарыстамі, адзначае выданне.