Прэс-служба Крамля: «Беларускі бок палічыў за лепшае адкласці паседжанне ВДС»
- 1.12.2008, 16:17
Масква не бачыць перашкодаў для арганізацыі паседжання Вышэйшага дзяржаўнага савета (ВДС) «саюзнай дзяржавы ў бліжэйшай перспектыве».
Аб гэтым паведамілі РІА «Новости» у прэс-службе Крамля.
Прэс-служба прэзідэнта Расеі ў сувязі з каментарамі, якія з'явіліся ў некаторых СМІ са спасылкай на нейкія ананімныя крыніцы, па пытанні аб тэрмінах правядзення і парадку дня паседжання ВДС «саюзнай дзяржавы» паведаміла, што 1 снежня разглядалася як адна з магчымых датаў паседжання.
Крэмль паведаміў, што беларускі бок прапанаваў змяніць узгоднены парадак дня і ўнес дадаткі, якія патрабуюць сур'ёзнай прапрацоўкі на экспертным узроўні.
Расейскі бок прапанаваў правесці паседжанне ВДС па ўжо зацверджаным парадку дня, а ўсе новыя прапановы беларускага боку папярэдне разгледзець падчас двухбаковай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў, якая традыцыйна праводзіцца ў межах паседжанняў ВДС, і даць даручэнні аб іх прапрацоўцы і падрыхтоўцы ўзгодненых рашэнняў.
«Беларускі бок палічыў за лепшае адкласці паседжанне ВДС на больш познія тэрміны з тым, каб правесці да гэтага сустрэчу кіраўнікоў дзяржаваў двух краінаў», — кажацца ў паведамленні прэс-службы Крамля.
«Расейскі бок не бачыць перашкодаў для арганізацыі такой сустрэчы ў бліжэйшай перспектыве», — кажацца ў паведамленні.