BE RU EN

Новыя прызначэнні Абамы: Хілары Клінтан стане дзяржсакратаром ЗША

  • 1.12.2008, 17:55

Абраны прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Барак Абама назваў імёны палітыкаў, якія зоймуць ключавыя пасады ў яго адміністрацыі.

У прыватнасці, стала вядома імя новага дзяржсакратара ЗША - ім стане Хілары Клінтан, якая раней супернічала з Абамам за вылучэнне ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі.

Роберт Гейтс, які ўзначальваў Пентагон пры Джорджу Бушу, захавае сваю пасаду і ў адміністрацыі Барака Абамы.

Нагадаем, у цяперашні час 61-гадовая былая першая лэдзі ЗША з'яўляецца сенатарам ад штата Нью-Ёрк, а Роберт Гейтс гэтак і з'яўляецца кіраўніком Пентагона.

Абама таксама паведаміў, што міністрам нацыянальнай бяспекі ЗША стане Джанэт Напалітана. (Зараз з'яўляецца губернатарам штата Арызона). Джэймс Джонс прызначаны памочнікам прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы.

У сваю чаргу, міністрам юстыцыі ЗША стане Эрык Холдер. Як адзначае ІТАР-ТАС, у адміністрацыі прэзідэнта ЗША Біла Клінтана Холдер займаў пасаду намесніка міністра юстыцыі. 57-гадовы Холдер стане першым афраамерыканцам на пасадзе міністра юстыцыі ЗША.

Як раней адзначала AP, ва ўмовах вайны і фінансавага крызісу Абама дэманструе рэкордную хуткасць у справе фармавання новай адміністрацыі. Прычым некаторыя прызначэнні нагадваюць першыя крокі Джорджа Буша. Так, на пасаду дзяржсакратара і міністра абароны абраны прэзідэнт прапанаваў кандыдатуры вядомых і дасведчаных людзей. Гэтак жа зрабіў Буш восем гадоў таму, прызначыўшы дзяржсакратаром Коліна Паўэла, а міністрам абароны Дональда Рамсфэлда. У цэлым, Абама аддае перавагу больш дасведчаным кандыдатам.

Нагадаем, што групу дарадцаў па эканоміцы, прызначаных новаабраным прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам і закліканых стабілізаваць становішча на фінансавых рынках, узначаліць былы старшыня Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША (1979-1987) Пол Волкер.

39-гадовы Пітэр Аршаг можа заняць пасаду кіраўніка амерыканскага Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўлення. Аршаг займаў пасады спецыяльнага памочніка прэзідэнта па эканамічнай палітыцы і старэйшага дарадца ў Радзе эканамічных кансультантаў пры Белым доме ў адміністрацыі прэзідэнта Біла Клінтана.

Міністрам фінансаў у новай адміністрацыі стане 47-гадовы Цімаці Гайтнер.B>, які ў цяперашні час з'яўляецца намеснікам старшыні камітэта па адкрытых рынках Федэральнай рэзервовай сістэмы (ФРС) ЗША, а таксама ўзначальвае нью-ёркскае аддзяленне ФРС.

Кандыдатура эканаміста Лоуренса Самэрса прапанаваная на пасаду кіраўніка Нацыянальнай эканамічнай рады. Самэрс займаў пасаду міністра фінансаў у адміністрацыі прэзідэнта Біла Клінтана ў 1999-2001 гадах.

На пасаду дырэктара Рады па ўнутранай палітыцы пры Белым доме Барак Абама прапанаваў кандыдатуру Меладзі Барнз.

Усе прапанаваныя прызначэнні павінны быць зацверджаныя Сенатам ЗША пасля таго, як Барак Абама ўзыйдзе на пасаду і зможа афіцыйна накіраваць высунутыя ім кандыдатуры на зацвярджэнне.

Цырымонія інаўгурацыі новага прэзідэнта ЗША адбудзецца 20 студзеня 2009 года.

Апошнія навіны