BE RU EN

Кіраўнік МЗС Ірана: «У нас з Беларуссю агульны дэвіз»

  • 12.12.2008, 8:17

Беларусь і Іран маюць падобныя погляды па пытаннях міжнароднай і рэгіянальнай палітыкі, заявіў міністр замежных спраў Ірана Манучэхр Матакі.

Такім чынам палітык пракаментаваў журналістам вынікі сваёй сустрэчы з беларускім калегам Сяргеем Мартынавым 11 снежня ў Менску, перадае БелаПАН.

Па ягоных словах, Беларусь і Іран шчыльна супрацоўнічаюць у міжнародных арганізацыях, "устаючы на абарону" інтэрасаў дзвюх краін, а таксама дзяржаваў Руху недалучэння. Кіраўнік МЗС Ірана адзначыў, што краіны маюць "агульны дэвіз, зацікаўленыя ў росквіце сваіх народаў".

"Нашыя адносіны лагічныя і зыходзяць з узаемнага разумення. У нас выдатныя палітычныя адносіны. Гандлёва-эканамічныя адносіны маюць хуткі тэмп росту. Цяпер мы набралі добрыя тэмпы ў развіцці гандлю, энергетыкі, інвестыцый", — сказаў іранскі міністр.

У сваю чаргу кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў заявіў, што Іран з'яўляецца "важным і прыярытэтным партнёрам Беларусі". Ён адзначыў, што цяпер праводзіцца праца па наданні "максімальнага эканамічнага ўзаемадзеяння" у адносінах паміж краінамі.

"Як вы ведаеце, эканамічнае ўзаемадзеянне, гандаль у нас хутка растуць — у 2007 годзе іх тэмпы выраслі ў два разы, у 2008-м — у паўтара. Але мы лічым, што гэтага недастаткова, таму сёння адбылося прадметнае абмеркаванне новых сумесных праектаў", — падкрэсліў С.Мартынаў.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб адносінах Беларусі і ЗША, С.Мартынаў заявіў: "Месяц-два таму ЗША распачалі крокі па змякчэнні санкцый у адносінах Беларусі. У цяперашні час мы працуем над наступнымі крокамі па нармалізацыі нашых адносін".

Апошнія навіны