BE RU EN

Мінюст правярае дзейнасць «Моладзі БНФ»

  • 12.12.2008, 16:08

Міністэрства юстыцыі накіравала ва Ўправу Партыі БНФ патрабаваньне прадаставіць інфармацыю аб «Моладзі БНФ».

Паводле Міністэрста юстыцыі, усе структуры палітычнай партыі маюць быць створанымі толькі паводле тэрытарыяльнага прынцыпу.

"Разам з тым, паводле інфармацыі, якая маецца ў Міністэрства юстыцыі, у апошні час дзейнічае нейкая структура Партыі БНФ - "Моладзь БНФ". Так, 25-26 кастрычніка 2008 года праведзены зьезд гэтай структуры, абраны яе страшыня", - піша ў звароце намесьнік міністра юстыцыі А. У. Білейчык.

Мінюст у тыднёвы тэрмін патрабуе накіраваць тлумачэньні, на якой падставе створаная і дзейнічае "Моладзь БНФ".

Адказны сакратар Партыі БНФ, юрыст Уладзімер Лабковіч, лічыць патрабаваньне незаконным.

"Вядома, мы падрыхтуем і вышлем тлумачэньні ў Міністэрства юстыцыі. Як і шмат якія папярэднія, гэтае патрабаваньне выглядае абсурдна і не грунтуецца на заканадаўстве. Шкада, што Мінюст так вузка трактуе закон і не разумее, што палітычныя партыі могуць дзейнічаць на тэрыторыі ўсёй Беларусі і некаторыя органы партыі могуць быць утвораныя не на прынцыпе тэрытарыяльнасьці", - кажа юрыст.

Паводле Ўладзімера Лабковіча, у такой сытуацыі нельга гаварыць пра лібэралізацыю ў Беларусі.

"Немагчыма казаць пра лібэралізацыю, пакуль палітычныя партыі ня могуць дзейнічаць свабодна ў межах заканадаўства. Гэты зварот я разглядаю толькі як далейшы перасьлед палітычных партыяў і Партыі БНФ у прыватнасьці", - лічыць ён.

Апошнія навіны