Схадзілі ў Адміністрацыю Лукашэнкі – атрымалі папярэджанне
- 16.12.2008, 12:12
Генпракуратура вынесла папярэджанне лідэру АГП Анатолю Лябедзьке і аднаму з актывістаў «Маладых дэмакратаў» Міхаілу Пашкевічу.
Як паведаміў БелаПАН А.Лябедзька, 15 снежня яму патэлефанаваў начальнік упраўлення Генпракуратуры Павел Радзівонаў і запрасіў прыйсці ў зручны час. На пытанне, па якой падставе адбудзецца сустрэча, П.Радзівонаў адказаў: "Па пытанні вашага звароту 10 снежня". Нагадаем, у гэты дзень пяцёра актывістаў на чале з А.Лябедзькам выйшлі на Кастрычніцкую плошчу і перадалі зварот у Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем выключыць іх са спісу невыязных з Беларусі.
"Аднак, калі мы прыйшлі ў пракуратуру, нам было вынесенае папярэджанне па факце публікацый у не зарэгістраванай у Беларусі газеце "Глоток воздуха". Нам было сказана: пракуратура валодае інфармацыяй, што мы датычныя да выдання гэтай газеты і публікацый у ёй; што звесткі, якія прадстаўляюцца газетай, з'яўляюцца абразай гонару і годнасці прэзідэнта Беларусі, а таксама з'яўляюцца няпэўнымі і распаўсюджваюцца за мяжой. Нам афіцыйна ўручылі папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння законаў Беларусі. Гэтыя папярэджанні падпісаныя намеснікам генеральнага пракурора Аляксеем Стукам", — распавёў А.Лябедзька.
Як паведаміў палітык, прэтэнзіі да яго паўсталі ў сувязі з публікацыяй, у якой ёсць спасылка на іспанскую газету "Эль-Паіс" і тэлеканал "Еўраньюс" аб магчымым продажы Беларуссю зброі калумбійскім паўстанцам з групоўкі Рэвалюцыйных узброеных сіл Калумбіі (FARC). "Па гэтай падставе я ўжо звяртаўся ў Генпракуратуру, але выразнага адказу на пытанне аб тым, ці прадае Беларусь зброю калумбійскім паўстанцам, так і не атрымаў. Таму ў нататцы я напісаў: калі б пракуратура расследавала гэтую справу, то ніякіх пытанняў бы да нас не было. І растлумачыў, што да выдання газеты "Глоток воздуха" ні я, ні Міхаіл Пашкевіч ніякіх адносінаў не маем", — сказаў А.Лябедзька.
Па ягоных словах, ніякага адказу на зварот з нагоды выключэння са спісу невыязных з Беларусі ён не атрымаў, і гаворка аб гэтым у Генеральнай пракуратуры не вялася.