Беларускім нафтавым кампаніям забаранілі пастаўкі мазуту на экспарт
- 16.12.2008, 14:15
Забарона датычыцца пераважна кампаніяў, якія пастаўляюць нафту на перапрацоўку на беларускія НПЗ на ўмовах толінга.
Кампаніі забавязваюць пастаўляць мазут на ўнутраны рынак па кошце ў 100 тыс. беларускіх рублёў за тону — гэта скрайне нізкі кошт для гэтага віду паліва, паведамляе ПРАЙМ-ТАС.
Зараз канцэрн «Белнафтахім» кансалідуе аб'ём мазуту ў мэтах магчымага выкарыстання яго ў якасці рэзервовага паліва. Невядома, па якім кошце Беларусь будзе атрымліваць прыродны газ у наступным годзе. Магчыма, што тапіць мазутам будзе танней.
Паводле паліўна-энергетычнага балансу Саюзнай дзяржавы на 2008 г., Беларусь у 2008 г. паставіць на экспарт 2,018 млн. т аўтамабільнага бензіну, 3,8887 млн. т дызельнага паліва, 4,164 млн. т топачнага мазуту і 249 тыс. т паліва для рэактыўных рухавікоў.
На ўнутраны рынак у 2008 г. запланавана паставіць 3,338 млн. т бензіну, 2,720 млн. т дызпаліва, 1,6 млн. т мазуту і 135 тыс. т паліва для рэактыўных рухавікоў.
З 1 снежня канцэрн «Белнафтахім» знізіў аптовыя і рознічныя кошты на нафтапрадукты прыкладна на 10%.