Улады гатовыя прадаць «Гродна-Азот» і Гомельскі хімічны завод
- 2.12.2008, 12:41
Адзіны ў краіне вытворца фосфарных угнаенняў ААТ «Гомельскі хімічны завод» у IV квартале спыніў пастаўкі сваёй прадукцыі не толькі на знешні, але і на ўнутраны рынак.
Паводле інфармацыі «Ежедневника», праблемы на ўнутраным рынку ў значнай меры сталі вытворнымі ад згортвання экспартных праграмаў: няма магчымасцяў зарабіць на экспарце, няма вольных рэсурсаў, каб забяспечыць функцыянаванне вытворчасці.
У аналагічным накірунку ўслед за гамяльчанамі зараз «рухаюцца» гарадзенцы. У ААТ «Гродна-Азот» сітуацыя не нашмат лепшая, чым у Гомелі.
Значнае падзенне попыту і сусветных коштаў назіраецца практычна па ўсім асартыменце прадукцыі «Гродна-Азот». Толькі ў кастрычніку бягучага года сусветныя кошты на карбамід у параўнанні з вераснем знізіліся з 600 да 320 даляраў за тону, на сульфат амонія – з 300 да 190 даляраў. Не ўратуе гарадзенцаў капралактам: па гэтай пазіцыі сітуацыя не лепшая – у верасні тона каштавала 2300 даляраў, у кастрычніку – ужо 1700 даляраў.
І для Гомельскага хімічнага завода, і для «Гродна-Азоту» дзяржава як уладальнік кантрольных пакетаў іх акцыяў зараз паскорана шукае пакупніка. Праект інвеставання ў гарадзенскі завод, які прадугледжвае продаж акцыяў, напрыклад, прэзентаваўся на нядаўнім інвестыцыйным форуме ў Лондане.
Пакупнікі на гэтыя актывы нават пры сённяшнім прыгнятальным фінансава-эканамічным становішчы прадпрыемстваў, безумоўна, знойдуцца. Для ГХЗ, напрыклад, патэнцыйна гэта «Еўрахім» выхадца з Гомелю Андрэя Мельнічэнкі. Для «Гродна-Азоту» – «Газпрам», які не пакідаў спробаў набыць яго яшчэ з пачатку 2000-х гадоў. І «Еўрахім», і «Газпрам» неаднаразова рабілі спробы ўгаварыць беларускія ўлады прадаць гэтыя прадпрыемствы. Але таксама неаднаразова з рознымі адгаворкамі атрымлівалі адмову. Зараз, мяркуючы па ўсім, падача відавочна за пакупнікамі. І падаваць яны шмат не маюць намеру.