BE RU EN

Санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў адклалі да 20 снежня

  • 2.12.2008, 14:40

Рассельгаснагляд перанёс тэрмін увядзення абмежаванняў на ўвоз жывёлагадоўчай прадукцыі 20 прадпрыемствам Беларусі з 1 на 20 снежня.

Аб гэтым паведаміў агенцтву «Интерфакс-Запад» намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Міхаіл Савельеў.

Паводле словаў М.Савельева, такая дамоўленасць дасягнутая падчас перамоваў з кіраўніком Рассельгаснагляду Сяргеем Данквертам.

«Афіцыйны ліст аб гэтым мы яшчэ не атрымалі, але расейскім пастам ужо дадзенае ўказанне аб тым, каб яны не перашкаджалі ўвозу нашай прадукцыі», - заўважыў ён.

Як паведаміў намеснік міністра, беларускі бок падаў у Рассельгаснагляд матэрыялы аб ліквідацыі недахопаў, выяўленых інспектарамі на гэтых прадпрыемствах падчас праверак у жніўні бягучага года.

«Зараз працуе камісія па вывучэнні гэтых дакументаў, мы чакаем афіцыйнага заключэння аб тым, з атэстацыяй якіх прадпрыемстваў згодны расейскі бок, якіх не», - дадаў ён.

М.Савельеў выказаў упэўненасць, што частка прадпрыемстваў зможа працягнуць пастаўкі ў Расею.

Як ужо паведамлялася, з 1 снежня павінны былі ўступіць у дзеянне абмежаванні на ўвоз у Расею жывёлагадоўчай прадукцыі з 20 перапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі. Раней гэты тэрмін быў перанесены з 1 лістапада на 1 снежня па дамоўленасці міністраў сельскай гаспадаркі Беларусі і Расеі Сямёна Шапіры і Аляксея Гардзеева.

Апошнія навіны