Арыштаваная за Еўрапейскі марш актывістка апазіцыі накіравала скаргу ў ААН
- 23.12.2008, 10:59
Брэсцкая актывістка руху «За Свабоду» Інга Абрамава 22 снежня накіравала індывідуальны зварот у Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах жанчын.
Падставай для гэтага стала беспаспяховае абскарджанне ў адпаведных беларускіх інстанцыях умоваў утрымання ў ізалятары часавага ўтрымання (ІЧУ) Ленінскага РАУС Брэста, паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.
Інга Абрамава была затрыманая супрацоўнікамі міліцыі ў абласным цэнтры 10 кастрычніка 2007 года разам з актывістам апазіцыі Юрыем Бакурам. Яны развешвалі сінія стужачкі на вадасцёкавых трубах дамоў з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да маючай адбыцца ў Менску акцыі "Еўрапейскі марш".
11 кастрычніка за "нецэнзурную лаянку" актывістку асудзілі на пяць сутак адміністрацыйнага арышту, якія яна адбывала ў ІЧУ Ленінскага РАУС.
"У сваёй скарзе Абрамава заяўляе, што ў дадзенай установе, дзе персанал складаецца толькі з мужчын, яна падвяргалася дыскрымінацыі па прыкмеце полу, і прыводзіць факты, якія, па ейным меркаванні, пацвярджаюць гэта", — адзначыў праваабаронца.
Па ягоных словах, гэты першы падобны зварот з Беларусі і краін СНД у Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах жанчын. Як адзначыў праваабаронца, беларускія жанчыны атрымалі магчымасць звяртацца ў дадзены камітэт у 2004 годзе — пасля прыняцця і ратыфікацыі Беларуссю факультатыўнага пратаколу канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах жанчын.
У рэгіянальныя адміністрацыйныя органы аналагічныя скаргі на ўмовы ўтрымання ў ІЧС Ленінскага РАУС Брэста акрамя Інгі Абрамавай у 2008 годзе падавалі яшчэ дзве брэсцкія актывісткі дэмсіл — Жана Абрамава і Ганна Канюс. Іх скаргі не былі здаволеныя.