Павал Казлоўскі: Ідэя размяшчэння ў Беларусі комплексаў «Таполя» - гэта правакацыя
- 23.12.2008, 14:52
Размяшчэнне ў Беларусі мабільных комплексаў «Таполя» — бязглузда і немэтазгодна, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН былы міністр абароны Павал Казлоўскі.
23 снежня ў расейскіх СМІ з'явілася паведамленне са спасылкай на нейкую крыніцу ў Мінабароны РФ:
«Калі ЗША працягнуць набліжаць да межаў Расеі элементы сваіх стратэгічных сілаў, у прыватнасці аб'екты СРА у Польшчы і Чэхіі, накіраваныя на зніжэнне нашага ядзернага патэнцыялу, дык ў Беларусі маглі б быць размешчаныя мабільныя комплексы «Таполя».
Крыніца лічыць, што ўзровень стратэгічнага партнёрства «саюзнай дзяржавы» дазволіць вырашыць гэтае пытанне станоўча. Паводле яе словаў, такі крок не запатрабуе ўкладання вялікіх сродкаў.
«У савецкі час ракетныя дывізіі акрамя Расеі дыслакаваліся ў Беларусі, Казахстане, Прыбалтыцы, на Украіне. Сёння ракетная інфраструктура ў добрым стане за межамі Расеі захавалася толькі ў Беларусі. Там маецца сетка дарогаў у пазіцыйным раёне, абароненыя камандныя пункты. Усё гэта не трэба будзе ствараць наноў», — адзначыла крыніца.
«Я лічу, што гэта немэтазгодна. «Таполя» можа дастаць хоць з Новасібірска, хоць з Беларусі, якая розніца. Гэта міжкантынентальная ракета», - адзначыў Павал Казлоўскі.
Паводле словаў былога міністра абароны, у Беларусі страчаная практычна ўся інфраструктура ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. Гэта — жалезабетонныя сховішчы, дарогі, некаторыя пляцоўкі, дзе базаваліся «Таполі». Апошнія, дарэчы, павінны былі быць знішчаныя ўсе.
«Дзеля таго, каб аднавіць інфраструктуру, неабходныя велізарныя сродкі, а сэнсу я не бачу. Размяшчаць для застрашвання — гэта глупства. Я думаю, што гэта нейкая памылка ці правакацыя», — заявіў П.Казлоўскі.
Трэба адзначыць, што ў снежні 1994 года ў Будапешце на вышэйшым узроўні Расеяй, Беларуссю, ЗША і Вялікабрытаніяй быў падпісаны Мемарандум аб гарантыях бяспекі ў сувязі з далучэннем Рэспублікі Беларусь да Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. Павал Казлоўскі ўпэўнены, што краіны не пайдуць на разбурэнне міжнародных рэжымаў у гэтай сферы.
Ядзерная зброя з тэрыторыі Беларусі была цалкам выведзеная ў канцы 1996 года.