Сідорскі: Неплацяжы беларускім прадпрыемствам выраслі на 60%
- 23.12.2008, 16:54
Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў аб неабходнасці стварэння дадатковых мераў па падтрымцы прамысловых прадпрыемстваў Беларусі.
На паседжанні прэзідыўма Савета міністраў у Менску прэм'ер заявіў, што ўраду неабходна прыймаць "усе меры, каб не страціць экспарт". "Узнікае неабходнасць стварэння дадатковых мераў па падтрымцы прадпрыемстваў, у першую чаргу прамысловага сектара", - сказаў С.Сідорскі.
Па інфармацыі кіраўніка ўрада, на сённяшні дзень на 60% павялічыліся неплацяжы прадпрыемствам "ад тых эканомікаў, якія сёння церпяць складанасці".
"Непаступленне гэтых сродкаў уплывае на абаротны капітал прадпрыемстваў", - сказаў С.Сідорскі. Ён падкрэсліў, што "у такіх умовах беларускай эканоміцы прыйдзецца працаваць даволі працяглы час, бо стабілізацыі на знешніх рынках пакуль не адбываецца".
Прэм'ер таксама падкрэсліў, што ўрадам будзе аказвацца падтрымка не ўсім прадпрыемствам, а толькі тым, якія выпускаюць ліквідную экспартаарыентаваную прадукцыю.
"Галоўны паказчык - стварэнне канкурэнтаздольнай прадукцыі, продаж на экспарт і атрыманне выручкі", - падкрэсліў С.Сідорскі.