Актывіст апазыцыі абвесьціў галадоўку: ён ужо два гады ня можа знайсьці працу
- 23.12.2008, 16:57
У Рэчыцы 59-гадовы грамадзкі актывіст, сябра Партыі камуністаў Беларускай Анатоль Фралоў абвясьціў галадоўку.
Патрапіўшы ў свой час пад скарачэньне, ён ужо два гады ня можа знайсьці працу. У мясцовага пракурора ён нават прасіўся пасадзіць яго ў турму, бо там хоць кормяць.
«Я хадзіў да пракурора, сказаў, што груба парушаюцца мае канстытуцыйныя правы — я маю права на працу. Мне няма за што жыць. Я абвясьціў галадоўку — п’ю толькі ваду. Кажу: пасадзіце мяне ў турму за мае палітычныя погляды — у турме кормяць. Адказвае: у турму мы за гэта не саджаем», - сказаў «Радыё Свабода» апазіцыянер.
Анатоль Фралоў скончыў у 1977 годзе Гарадзенскі ўнівэрсытэт, паводле адукацыі гісторык. Працаваў у школах Рэчыцкага раёну настаўнікам гісторыі, пасьля ў пазаведамаснай ахове, дзе й патрапіў пад скарачэньне. Стаіць на ўліку беспрацоўных у цэнтры занятасьці насельніцтва. За апошні месяц атрымаў 34 тысячы рублёў дапамогі, на якія пражыць можна хіба што 2-3 дні.
Пэрыядычна цэнтар занятасьці дае Фралову накіраваньні ў гарадзкія арганізацыі, дзе зарабіць на жыцьцё не рэальна. Але нават туды ўладкавацца немагчыма.
«Яны даюць мне накіраваньні на самую нікчэмную працу — на 200 тысяч рублёў. Калі я прыходжу, месцы ўжо занятыя. Апошні раз я быў у вайсковай частцы 22403. Там адказалі: «Вы — стары. Трэба грузіць скрыні па 70 кіляграмаў — вы ня здолееце. У такім узросьце мы не бярэм, бярэм толькі маладых».
Да гэтага я быў у адной гандлёвай фірме. Прыходжу, а месца вартаўніка ўжо занятае», - распавядае ён.
Наконт свайго гаротнага становішча й немагчымасьці ўладкавацца на працу Анатоль Фралоў зьвяртаўся ня толькі да мясцовых чыноўнікаў, але й у адміністрацыю прэзідэнта – аднак марна.
«Я чатыры разы пісаў лісты на імя Аляксандра Лукашэнкі. Адказвала нейкая спадарыня Буко, што лісты пераадрасаваныя сюды, у Рэчыцу, каб яны прачыталі й сказалі, што рабіць. У выканкаме на мяне ўжо нацкоўваюць міліцыянта й не дапускаюць мяне да службовых асобаў», - кажа апазіцыянер.
Дарэчы, спадар Фралоў паведаміў, што сёньня з райвыканкаму яго выправадзіў начальнік арганізацыйна-кадравай работы Рыгор Якушаў.
Матэрыяльную дапамогу выканкам таксама даць адмаўляецца, бо... Фралоў езьдзіў сёлета ў Нямеччыну ў госьці да дачкі. Апрача таго, у актывіста ёсьць жонка, якая атрымлівае пэнсію.