Экс-кіраўніка «Белнафтахіма» памілавалі
- 24.12.2008, 9:02
Былы кіраўнік канцэрна «Белнафтахім» Аляксандр Бароўскі вызвалены з выпраўленчай установы на падставе ўказу Лукашэнкі аб ягоным памілаванні.
Аб гэтым паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» яго адвакат Зміцер Гарачка, спасылаючыся на інфармацыю, атрыманую ў сям'і А.Бароўскага.
- Мне пацвердзілі ў сям'і Бароўскага, што ён вызвалены з выпраўленчай установы на падставе ўказу кіраўніка дзяржавы аб ягоным памілаванні, - паведаміў Гарачка.
Фармулёўка, з якой Бароўскі апынуўся на волі ўсяго праз паўтараы гады пасля арышту, невядомая.
Нагадаем, чыноўніка арыштавалі яшчэ ў маі 2007 года. Затрымалі жонку і дачку, наклалі арышт на маёмасць – чатыры кватэры, дом, аўтамабіль. Змясцілі ў СІЗА КДБ, абвінавацілі ў парушэнні 4 артыкулаў крымінальнага кодэкса. Тады ж было заведзена шмат крымінальных спраў на прадстаўнікоў камерцыйных структур. Да суду дайшла толькі справа Бароўскага.
Калі ў лютым 2008 года пачаліся судовыя паседжанні, стала зразумела, - судзяць яго па адным артыкуле – за злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі. І па самай «цяжкай» яе часткі – трэцяй.
Гаворка ішла аб куплі партыі нафты для заводу «Нафтан» прама ў разгар беларускай нафтагазавай вайны з Расеяй. Бароўскі гутаркай па тэлефоне нібыта адмяніў больш выгадны кантракт. Сума шкоды, па меркаванні органаў папярэдняга следства, складала 1,6 мільёнаў даляраў.
27 сакавіка Бароўскаму вынеслі прысуд – пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, пазбаўленне права займаць кіравальныя пасады ў дзяржаўных прадпрыемствах, установах і арганізацыях тэрмінам на тры гады.
З прысуду стала зразумела, што Аляксандру Бароўскаму змянілі частку артыкула – на другую, лягчэйшую. Дзейнічаў ён, то бок вёў тэлефонныя гутаркі з камерсантамі, з асабістай зацікаўленасці. Праўда, у пазове аб пакрыцці той самай шкоды адмоўлена. Бароўскі не павінен вяртаць грошы. З маёмасці знялі арышт.