Беларускія міліцыянты пачалі вывучаць мову жэстаў
- 3.12.2008, 8:30
У Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прыступілі да навучання курсантаў мове жэстаў.
Эксперыментальная група з 30 курсантаў прыступіла да вывучэння мовы глухіх. Аб гэтым паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у міністэрстве ўнутраных спраў.
Па словах суразмоўцаў агенцтва, заняткі праводзяць супрацоўнікі Грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства глухіх" і выкладчыкі факультэта спецыяльнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. М.Танка.
"Дадзеная ініцыятыва накіраваная на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы аб безбар'ерным асяроддзі жыццядзейнасці фізічна саслабленых асоб на 2007-2010 гады", - падкрэслілі ў міністэрстве.
"Факультатыўны курс арганізаваны ў мэтах падрыхтоўкі беларускіх вартавых правапарадку да зносін з людзьмі, што маюць парушэнні слыху. Падчас навучанняў курсанты авалодаюць неабходным аб'ёмам тэарэтычных і практычных ведаў у галіне жэставай мовы, азнаёмяцца з ейнымі лінгвістычнымі асаблівасцямі і структурай, дасягнуць дастатковага ўзроўня камунікатыўнай кампетэнцыі ў зносінах з людзьмі, што маюць парушэнні слыху, а самае галоўнае - сфармуюць псіхалагічную гатовасць да зносін з імі", - паведамілі ў МУС.