Іосіф Сярэдзіч: На Менск прыходзіцца 2,5 тысячы асобнікаў «Народнай волі», і пакуль усё застанецца так, як ёсць
- 3.12.2008, 9:17
Галоўны рэдактар «Народнай волі» распавядае, на якіх умовах дазволілі распаўсюджваць газету.
Першы нумар газеты «Народная воля», што распаўсюджваўся праз кіёскі «Белсаюздруку», разыйшоўся цалкам і досыць хутка.
- Так, сапраўды, па інфармацыі, што маецца ў нас, у кіёсках «Саюздрука» наша газета распрададзеная на сто адсоткаў. Нажаль, менскі філіял гэтай арганізацыі ўзяў на рэалізацыю толькі 2,5 тысячы асобнікаў, хаця мы прапаноўвалі ў два разы больш. Упэўнены, што змаглі бы прадаць і больш за тое, што пагадзіўся прадаць «Белсаюздрук», -- сказаў Іосіф Сярэдзіч у інтэрв'ю «Беларускаму партызану».
На пытанне, ці плануецца павялічваць тыражы і аддаваць на рэалізацыю ў кіёскі большую колькасць асобнікаў газеты, рэдактар адказаў:
- Да Новага года - дакладна не. Нам патрэбны прыкладна месяц, каб вывучыць рынак і зразумець, на што можна разлічваць. Так што пакуль усё застанецца так, як ёсць.
На пытанне, як у «Народнай волі» ідуць справы з доступам да інфармацыі ад афіцыйных крыніц, Сярэдзіч адказаў:
- Вы ведаеце, я лічу, што ў любой краіне свету ніхто не дасць журналісту добрую, сенсацыйную інфармацыю проста так. Бо ў той жа Амерыцы журналістаў таксама зусім не песцяць. Аднак яны паказваюць вышэйшы пілатаж журналісцкага майстэрства: там, дзе нельга патрапіць праз дзверы, яны пранікаюць праз акно, дах і гэтак далей. Ну, і мы таксама імкнемся.
Вядома таксама, што ў Менску дазволена распаўсюджваць праз кіёскі ўсяго 1 400 асобнікаў газеты «Наша Ніва».