BE RU EN

Фільм Алега Дашкевіча на фэсце ў Амстэрдаме (Відэа)

  • 3.12.2008, 17:23

Беларускі рэжысёр Алег Дашкевіч прэзэнтаваў на Міжнародным фэсце дакументальнага кіно ў Амстэрдаме фільм «Журналісты».

Стужка распавядае аб праблемах свабоды слова ў Беларусі, аб жыцці і працы беларускіх незалежных журналістаў у нашай краіне.

Арганізацыя «Міжнародная Амністыя» уключыла фільм «Журналісты» у шорт-ліст свайго штогадовага фэсту праваабарончага кіно.

Паводле словаў Алега Дашкевіча, фэст у Амстэрдаме мае выключнае значэнне для дакументальнага кіно ў цэлым, паколькі гэта самы буйны і самы значны фэст у Еўропе.

«Многія мае калегі і журналісты, якія пішуць пра дакументальнае кіно, параўноўваюць гэты фэст з фэстам мастацкага кіно ў Канах. З беларускіх рэжысёраў, акрамя мяне, у фэсце прымае ўдзел Уладзімір Колас са сваім фільмам «Галерэя Ады». Фільм Коласа прэзэнтаваны польскім тэлеканалам «Белсат», які транслюецца на Беларусь», - адзначыў рэжысёр у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

Алег Дашкевіч кажа, што абраў для свайго фільма тэму свабоды слова, паколькі яна як ніякая іншая актуальная ў Беларусі, і гэтая прафесія найбольш значная для беларускага грамадства ў цяперашні час.

«Таму, што гэта для нас актуальна. Бо менавіта журналісты больш, чым хто-небудзь, змагаюцца за праўду. Я хацеў паказаць гэта не плакатна – мы працуем, а нас прыціскаюць, але як ёсць у жыцці: у чалавека свая сям'я, праца. У Амстэрдаме і гледачы, і арганізатары, і калегі сыходзіліся ў меркаваннях: фільм зняты вельмі эмацыйна. Казалі, што атмасфера фільма не пакідае абыякавым, паколькі паказвае жыццё», - прызнаўся Алег Дашкевіч.

Паводле словаў рэжысёра, фэст яго ўразіў сваім размахам і якасцю дакументальнага кіно, якое там прэзэнтаванае. З перакладам фільма Алегу Дашкевічу дапамагала Валерыя Красоўская – дачка бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, які бясследна знік ў 1999 годзе разам з першым віцэ-спікерам Вярхоўнага Савета Беларусі Віктарам Ганчаром.

«Мяне асабліва ўразіла арганізацыя фэсту. Я нідзе яшчэ не бачыў столькі рэжысёраў, столькі прэзэнтаваных фільмаў. Дарэчы, паколькі я не вельмі добра валодаю ангельскай мовай, мне дапамагала перакладаць фільм Валерыя Красоўская, дачка Анатоля Красоўскага, які знік разам з Віктарам Ганчаром. І я лічу, што гэта не проста супадзенне, бо ў сваім фільме я паказаў таксама і гісторыю журналіста-аператара Зміцера Завадскага, зніклага ў ліпені 2000 года. Я імкнуўся паказаць эпоху, якая працягваецца і па сённяшні дзень», - кажа Алег Дашкевіч.

Апошнія навіны